Будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі не будзе прыпынена, заявіла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна на прэс-канферэнцыі 14 верасня ў Мінску па выніках другога раўнда двухбаковых кансультацый беларускіх і літоўскіх экспертаў па пытаннях будаўніцтва БелАЭС.
Такім чынам чыноўніца па просьбе літоўскага журналіста пракаментавала распачатую 23 жніўня ў Літве палітычную кампанію па спыненні будаўніцтва Беларускай АЭС.
«Беларускі бок неаднаразова заклікаў літоўскія ўлады і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Літвы пачаць канструктыўны дыялог, — сказала Малкіна. — На сённяшні дзень, я думаю, відавочна, што Рэспубліка Беларусь не прыпыніць будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Я не ведаю такіх матываў, якія б паслужылі для пачатку такога працэсу».
На думку намесніка кіраўніка Мінпрыроды, замест такога роду канфрантацыі прадстаўнікам міністэрстваў прыроды, энергетыкі і аховы здароўя дзвюх краін было б правільней пачаць «канструктыўны двухбаковы прафесійны дыялог для таго, каб сумесна маніторыць сітуацыю ў зоне будаўніцтва атамнай станцыі».
Літоўскі бок, сказала чыноўніца, пагадзіўся працягнуць кансультацыі, у рамках якіх абмяркоўваюцца палажэнні двухбаковага пагаднення паміж прыродаахоўнымі міністэрствамі Беларусі і Літвы. Паводле яе слоў, гэта «той сігнал, які сведчыць пра магчымасць пачатку такога дыялогу».
«Беларускі бок не толькі заяўляе пра гатоўнасць такога дыялогу, мы, у тым ліку фізічна, гатовыя яго працягваць, — адзначыла Малкіна. — Мы гатовыя працаваць з прадстаўнікамі літоўскіх адпаведных службаў у рамках тых прымальных механізмаў, двухбаковых камісій, экспертных кансультацый і гэтак далей, якія будуць зручныя, у тым ліку і літоўскаму боку, каб сапраўды зняць той ажыятаж, які існуе ў насельніцтва з-за будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі».
Яна заклікала ўсіх жыхароў Літвы ў цэлым і Вільні ў прыватнасці падняць перад сваімі органамі дзяржаўнага кіравання пытанне пра магчымасць такога дыялогу. «Хопіць гаварыць палітычнымі лозунгамі, давайце працаваць на ўзроўні прафесіяналаў», — заявіла Малкіна.