Барак Абама выступіў на мітынгу ў падтрымку Хілары Клінтан і раскрытыкаваў Дональда Трампа, хоць на самай справе больш дасталася Уладзіміру Пуціну, за сімпатыі да якога Абама і асудзіў кандыдата ад рэспубліканцаў.

«Хто на мінулым тыдні выступіў на расійскім дзяржаўным тэлебачанні, каб прыніжаць амерыканскіх вайскоўцаў і падлізвацца да Уладзіміра Пуціна? Яму падабаецца гэты хлопец! Вельмі падабаецца! - сказаў Абама, - Толькі ўявіце, што адбываецца з Рэспубліканскай партыяй. Яны змагаліся з тэрарызмам за свабоду і дэмакратыю, а цяпер іх лідар сцвярджае, што Пуцін моцны, таму што ён урываецца ў малыя краіны, кантралюе прэсу і вядзе эканоміку да доўгай рэцэсіі. Толькі падумайце пра гэта! І калі ў інтэрв'ю Трампа пытаюцца: чаму вы падтрымліваеце яго, ён адказвае: Пуцін моцны лідар. Яго выбірае 82% насельніцтва».

«Садам Хусейн таксама быў моцным лідарам. Такое бывае, калі кантралюеш прэсу, паступова адбіраеш грамадзянскія свабоды ў людзей і саджаеш у турму ўсіх нязгодных», — дадаў амерыканскі прэзідэнт.

Калі Абама казаў аб інтэрв'ю Трампа расійскаму дзяржаўнаму тэлебачанню, ён, мабыць, меў на ўвазе яго тэлефонную размову з вядучым канала RT Лары Кінгам, якую апублікавалі 9 верасня. Прадстаўнікі кандыдата раней заявілі, што Трампа не папярэдзілі пра тое, што інтэрв'ю з'явіцца на расійскім тэлеканале.

Тэрмін паўнамоцтваў Барака Абамы заканчваецца ў лютым 2017 года. Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць у лістападзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?