Аляксандр Лукашэнка хоча большага ўдзелу ЕС у праектах па развіцці інфраструктуры на мяжы. Пра гэта ён заявіў 15 верасня ў Мінску на сустрэчы з удзельнікамі 64-га пасяджэння Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў — удзельніц СНД

«Тэрытарыяльнае становішча Беларусі такое, што ў рамках Садружнасці значная частка нашай мяжы праходзіць з краінамі Еўрапейскага саюза. Сумесна з імі мы рэалізуем шэраг праграм па развіцці інфраструктуры на мяжы, арганізацыі бяспекі, бесперашкодным перамяшчэнні тавараў. Скажу шчыра: хацелася б большага ўдзелу ЕС у мытных справах. Таму што як Расіі, так і Еўрасаюзу вельмі важная Беларусь, дзе тавары праходзілі б, перш за ўсё, транзітам, і па часе гэта было б мінімальна», — цытуе афіцыйнага лідара дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

На яго думку, ад глыбіні інтэграцыі ў сферы мытнай справы залежыць далейшае развіццё эканомік дзяржаў СНД і «ў канчатковым выніку павышэнне дабрабыту народаў». Лукашэнка нагадаў, што больш за чвэрць стагоддзя таму Беларусь стаяла ля вытокаў фарміравання Садружнасці Незалежных Дзяржаў, адной з першых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. У ліку яе важных задач было стварэнне спрыяльных умоў для развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў і перамяшчэння грамадзян паміж краінамі Садружнасці.

«Вялікая ўвага надавалася дзейнасці мытных службаў новых суверэнных дзяржаў. За гэты час сфарміравана значная нарматыўная база мытнай справы, у чым асноўная роля належыць Савету кіраўнікоў мытных службаў, а таксама адпаведным нацыянальным органам, — звярнуў увагу прысутных Лукашэнка. — Дастаткова назваць пагадненні аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў мытных справах, мадэльны мытны кодэкс і шэраг іншых дакументаў. Яны будуюцца на базавых прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, якія ўключаюць у тым ліку і свабоду транзіту на тэрыторыі дзяржаў».

У рамках Савета кіраўнікоў мытных службаў сфарміраваны камітэт кіраўнікоў праваахоўных падраздзяленняў. Лукашэнка лічыць гэтую ініцыятыву «цалкам своечасовай, паколькі менавіта мытная служба заклікана ў першую чаргу абараняць тэрыторыю краіны ад кантрабандных тавараў, увозу наркотыкаў, а гэта зло адчуваецца ў большай ступені з кожным годам».

Ён адзначыў, што гістарычна кожная з краін Садружнасці мае экспартны і імпартны складнік у знешнім гандлі, пэўныя рынкі. «Мытныя службы закліканы аператыўна і якасна апрацоўваць таварныя патокі, садзейнічаць павелічэнню колькасці краін-партнёраў, нарошчванню аб`ёмаў гандлю», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0