У Беларусі з'явілася новая агракліматычная зона. Умовы надвор'я там параўнальныя з поўначчу Украіны. На гэтай тэрыторыі будуць больш актыўна вырошчваць вінаград, кавуны і дыні. Пра гэта журналістам распавяла Марыя Гермянчук, начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Фота Станіслава Каршунова, Tut.by

Фота Станіслава Каршунова, Tut.by

Раней у краіне было тры асноўныя агракліматычныя зоны, цяпер іх — чатыры. Гэта адбылося з-за зменаў клімату і зруху зон на поўнач краіны прыкладна да Жлобіна Гомельскай вобласці.

— Калі раней першая агракліматычная і найбольш халодная зона займала каля 40% ад усёй тэрыторыі краіны, то цяпер — можа быць, 10—12%.

Другая і трэцяя агракліматычныя зоны засталіся ў тых жа маштабах. Але з'явілася новая, чацвёртая агракліматычная зона, дзе гадавая сума тэмператур вышэй за 10°C, — распавядае эксперт.

У новую агракліматычную зону ўваходзяць Маларыцкі, Драгічынскі, Лунінецкі, Столінскі раёны Брэсцкай вобласці і Лельчыцкі, часткова Жыткавіцкі, Брагінскі, Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласці.

Паводле ацэнак спецыяліста, у новай агракліматычнай зоны ёсць свае плюсы і мінусы.

— Мы маем больш высокае цеплазабеспячэнне, зрушваюцца і памяншаюцца перыяды вясновых замаразкаў, павялічваецца вегетатыўны перыяд. Але гэта патрабуе і пэўных затрат з боку сельскай гаспадаркі ў частцы ўнясення дадатковых угнаенняў, падбору насеннага матэрыялу, укаранення новых гатункаў культур, — заўважыла Марыя Гермянчук. — Божы дар у выглядзе сонца і цяпла патрабуе ад галін эканомікі і адпаведных інструментаў, каб у поўнай меры эфектыўна скарыстацца дадатковым агракліматычным рэсурсам.

Не варта чакаць, што дзякуючы новай агракліматычнай зоне сельская гаспадарка на гэтай тэрыторыі пачне развівацца так, як і ва Украіне.

— Глебы ў нас засталіся тыя ж. Гэта Палеская нізіна. Структура землекарыстання застаецца той жа: гэта ў асноўным лясы і поймы, — звярнула ўвагу спецыяліст.

Тым не менш у новай агракліматычнае зоне ўжо ствараюцца прамысловыя плантацыі вінаграда і павялічваюць плошчы пад кавуны і дыні да 100 га. А ў Гомельскай вобласці фармуюцца спецыялізаваныя гаспадаркі, якія будуць забяспечваць краіну насеннем кукурузы. Раней у нас свайго насення кукурузы не было.

Новая агракліматычная зона прынесла і негатыўныя моманты: ўзмацніліся экстрэмальныя кліматычныя тэндэнцыі. Гаворка ідзе пра моцныя дажджы, вятры і спякоту.

- Так, зона будзе прасоўвацца. Але з якімі тэмпамі? Цяпер пра гэта казаць мы не можам і не будзем, бо добрай навуковай базы для падобнага роду прагнозаў пакуль няма … … Існуе вялікая колькасць сцэнарыяў змены клімату. Спецыялісты пра гэта ведаюць, але ёсць такая важная рэч - рэгіянальныя асаблівасці. Калі гаворка ідзе пра змяненне клімату ў рамках Зямнога шара, тут мадэлі дазваляюць даваць прагнозы. Калі гаворка ідзе пра змены на 500-1000 км, то на такіх невялікіх адлегласцях рэзка ўзрастае нявызначанасць ацэнак, - падагульніла Марыя Гермянчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?