Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае карэкціроўку генеральнага плана Мінска з прылеглымі тэрыторыямі і некаторыя пытанні яго рэалізацыі, паведаміла 15 верасня прэс-служба прэзідэнта.

Асноўныя палажэнні новага плана горадабудаўнічага развіцця сталіцы да 2030 года «актуалізуюць горадабудаўнічую палітыку тэрытарыяльнага развіцця і прагнозна-мэтавыя паказчыкі, уключаючы павелічэнне насельніцтва да 2 млн чалавек і жыллёвага фонду да 52.265 тыс. кв. м».

У новай рэдакцыі прадугледжваецца стабілізацыя колькасці насельніцтва і аптымізацыя аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў сталіцы ў межах існуючай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай мяжы горада, якая вызначаная як мяжа перспектыўнага развіцця Мінска да 2030 года, а таксама з улікам чаканага дэмаграфічнага прыросту рассяленне 100-120 тыс. чалавек у гарадах-спадарожніках.

У адпаведнасці з генпланам будаўніцтва сацыяльна запатрабаванага жылля будзе працягвацца на свабодных тэрыторыях. Комплексы жылой забудовы будуць стварацца на вызваленых вытворчых тэрыторыях, а таксама на тэрыторыях зносу сядзібнай і малапавярховай забудовы з вялікім фізічным і маральным зносам.

Развіццё горадаўтваральнай базы Мінска будзе забяспечвацца «ў выніку захавання горадабудаўнічага патэнцыялу 4,4 тыс. га тэрыторый, занятых прадпрыемствамі горада». Рэзерваванне каля 300 га вытворчых тэрыторый «дазволіць стварыць працоўныя месцы ў новых жылых раёнах Нотынгем і Зялёны Бор».

Запланаванае будаўніцтва новых гарадскіх і раённых паркаў на плошчы больш за 2 тыс. га. У склад прыродна-ландшафтнага комплексу сталіцы будзе ўключана каля 2 тыс. га лесапаркавых тэрыторый з паўднёва-ўсходняга боку Мінскага мора, «што дасць магчымасць кампенсаваць дэфіцыт азялененых тэрыторый для жыхароў перыферыйных раёнаў горада».

Новая рэдакцыя генеральнага плана прадугледжвае фарміраванне «эфектыўнай радыяльна-кальцавой структуры магістральных вуліц і дарог і ўдасканаленне сістэмы пасажырскіх зносін шляхам развіцця ўсіх відаў гарадскога і прыгараднага пасажырскага транспарту і стрымлівання росту аб'ёму перасоўвання на легкавым аўтатранспарце». Прыярытэтнае развіццё атрымаюць рэйкавыя віды пасажырскага транспарту: метро, трамвай і чыгуначны транспарт.

Указ прадугледжвае распрацоўку горадабудаўнічага праекта спецыяльнага планавання на тэрыторыю, прылеглую да перспектыўнай гарадской мяжы да другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска. «Гэты праект вызначыць інтэнсіўнасць выкарыстання, функцыянальнае занаванне, іншыя рэгламенты горадабудаўнічага асваення, парадак вядзення Мінскім аблвыканкамам і Мінскім гарвыканкамам горадабудаўнічай дзейнасці», — адзначаецца ў рэлізе.

Апошні раз генплан Мінска з удзелам Лукашэнкі абмяркоўвалася 2 верасня. Ён заклікаў прысутных пакінуць пасля сябе «прыгожы і годны горад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?