Прыхільнікі Іосіфа Сталіна ўсталявалі яго бюст ў Сургуце (РФ), на муніцыпальнай зямлі. Бюст з'явіўся на новай набярэжнай ракі Об.
Ілюстрацыйнае фота: Getty
«Набярэжная пустая, бюст стаіць вельмі гарманічна, ён яе ўпрыгожыў. Акрамя таго, што з набярэжнай салдаты ішлі на фронт Вялікай Айчыннай вайны, на месцы яго ўстаноўкі стаяў эвакуяваны з Адэсы рыбакансервавы завод. Тут працавалі на карысць фронту, месца сімвалічнае», — заявіў адзін з ініцыятараў праекта Дзяніс Ханьжын.
Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі адміністрацыі Сургута Кацярыны Швідкой, бюст усталяваны незаконна — на гэтым месцы плануецца ўзвесці помнік рэпрэсаваным, яго ўстаноўка ўзгодненая. Швідкая спаслалася на парадак устаноўкі розных аб'ектаў архітэктуры ў Сургуце, дзе не прапісаныя малыя архітэктурныя формы. Менавіта да іх і належыць бюст.
Цяпер адміністрацыя Сургута чакае рашэння па пытанні аб законнасці яго ўстаноўкі ад праваахоўных органаў. Яны і вызначаць меру адказнасці за самавольнае ўсталяванне бюста.
Ініцыятарам узвядзення помніка Сталіну выступіла Сургутская грамадская арганізацыя «Рускі дух». У гарадской адміністрацыі ўдакладнілі, што сярод кандыдатаў у мясцовую думу ёсць члены гэтай арганізацыі, якія ідуць па спісе КПРФ.
Сродкі на стварэнне помніка збіралі праз сацсеткі, а вырабілі бюст ва Уладзікаўказе.
Ініцыятыва стварэння і ўстаноўкі бюста была раскрытыкаваная прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый памяці рэпрэсаваных, у інтэрнэце аб'яўляўся збор подпісаў супраць яго ўстаноўкі.
Праява вернападданскіх пачуццяў да савецкага дыктатара стала трэндам сучаснай Расіі.
Бюст Сталіна быў усталяваны ў 2013 годзе ў Якуцку да Дня Перамогі. У 2015 годзе статуі савецкага правадыра з'явіліся ў Пензе, рэспубліцы Марый Эл, а таксама ў Ліпецку, дзе праз два дні пасля ўстаноўкі яго аблілі фарбай. У лютым 2016 года бюст Іосіфу Сталіну быў усталяваны ў Пскоўскай вобласці.





