Найбліжэйшымі днямі ў лясах асобных раёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны будзе захоўвацца высокая ступень пажарнай небяспекі, паведаміла на прэс-канферэнцыі 15 верасня ў Мінску начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гідрамета) Марыя Гермянчук.
«Сёння раніцай на разборы мы праглядалі карту пажаранебяспекі на сёння і прагноз на заўтра, — сказала яна. — Паўднёвая і заходняя часткі Гомельскай вобласці, а таксама ўсходняя частка Брэсцкай вобласці, на жаль, зараз знаходзяцца ў зоне пажарнай небяспекі пятага класа — гэта вельмі высокая, надзвычайная гарымасць. Гэтую інфармацыю мы ў рэжыме рэальнага часу перадаем у МНС, Міністэрства лясной гаспадаркі, Гомельскі аблвыканкам для таго, каб тыя прымалі адпаведныя рашэнні па папярэджанні магчымай шкоды».





