Правілы ўезду на тэрыторыю Нацыянальнага аэрапорта Мінск зменяцца з 26 верасня, цяпер яны дзейнічаюць у тэставым рэжыме.
Пра гэта паведаміла прэс-сакратар РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» Святлана Міронік.
«Для максімальна камфортнага перамяшчэння пасажыраў і аўтамабільнага транспарту на прывакзальнай плошчы будынка аэравакзальнага комплексу з верасня 2016 года будуць унесеныя некаторыя змены ў арганізацыю дарожнага руху і тэхналогіі знаходжання транспартных сродкаў на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск», — адзначылі ў прэс-цэнтры.
Так, пры першым і другім наведваннях на працягу каляндарных сутак кіроўцам будзе прадастаўляцца ліміт часу бясплатнага знаходжання ў памеры 20 хвілін. Пры трэцім і больш — кошт паслугі будзе тарыфікавацца з моманту ўезду на прывакзальную плошчу (без прадастаўлення ліміту часу бясплатнага знаходжання).
З больш падрабязнай інфармацыяй пра змены ў арганізацыі дарожнага руху і тэхналогіі аказання паслуг па знаходжанні на прывакзальнай плошчы можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага аэрапорта Мінск.





