Інцыдэнт адбыўся каля гадзіны ночы. Відавочцы кажуць, што акцыя доўжылася некалькі хвілінаў.
У пасольстве заяўляюць, што стрэлы з салютнай ўстаноўкі былі накіраваныя непасрэдна на будынак дыпмісіі. На выкладзеным у інтэрнэт відэа бачна, што петарды трапляюць у фасад будынка.
Паведамляецца, што нападнікаў было каля дваццаці. На разгорнутым імі банеры відаць назву радыкальнай нацыяналістычнай групоўкі «С14». На яе старонцы ў сацсетках паведамляецца, што гэта была «крэатыўная акцыя пратэсту супраць выбараў у Дзярждуму на тэрыторыі акупаванага Крыма і дыпустановах РФ у Кіеве, Адэсе, Харкаве і Львове».
У самім пасольстве заявілі, што будынак мог загарэцца. «У раёне гадзіны ночы невядомыя кінулі на тэрыторыю амбасады дымавую шашку і абстралялі будынак пры дапамозе салютнай устаноўкі. Стрэлы былі накіраваныя непасрэдна на будынак дыпмісіі. […] Па шчаслівай выпадковасці узгарання не адбылося», - сказаў суразмоўца ТАСС. «Мясцовая паліцыя нападнікаў не затрымала», — дадалі ў пасольстве.
Напад адбыўся напярэдадні нядзельных выбараў у Дзярждуму Расіі.





