У 2014 годзе Нарвегія пачала ствараць першы ў свеце выключна жаночы атрад спецыяльнага прызначэння — пасля досведу, атрыманага падчас баёў у Афганістане.
Тут і ніжэй фота: taskandpurpose.com
Нарвежскае спецпадраздзяленне (Forsvarets Spesialkommando, FSK) грала важную ролю ў антытэрарыстычных аперацыях у Афганістане, часта супрацоўнічаючы з амерыканскімі армейскімі камандас з атрада «Дэльта» і камандас ВМС.
Аднак заходнія жаўнеры патрапілі ў культуру, дзе жанчынам можна размаўляць амаль выключна з мужчынамі-сваякамі.
«Паклікаць на службу жанчын было аператыўнай неабходнасцю», — сказаў афіцэр нарвежскіх падраздзяленняў спецпрызначэння Відар Крогсэтэр у інтэрв'ю foreignaffairs.com.
Новае падраздзяленне назвалі Jegertroppen — «Паляўнічы атрад».
Каб патрапіць у шэрагі Jegertroppen, трэба прайсці шэраг вельмі цяжкіх выпрабаванняў, курс контртэрарызму, падрыхтоўкі для гарадскіх баёў, парашутнай падрыхтоўкі, курс выжывання ў розных кліматычных зонах, у тым ліку ў Арктыцы.
Толькі 13 з 317 кандыдатак прайшлі курс падрыхтоўкі ў 2014 годзе і прыкладна столькі ж — у 2015. Такім чынам, атрад налічвае за два гады менш за 30 чалавек, і яго стварэнне працягваецца.
Цяпер у нарвежскіх Узброеных сілах каля 10% служачых — жанчыны.
У 2015 годзе краіна першай у НАТА прыняла закон пра прызыў для ўсяго насельніцтва - як мужчын, гэтак і жанчын.





