Ахмад Хан Рахамі, падазраваны ў падрыхтоўцы двух выбухаў, якія адбыліся ў мінулыя выхадныя, затрыманы, паведамляе паліцыя Нью-Ёрка.
Рахамі пасля перастрэлкі павезлі на «хуткай». Скрыншот WABC
Рахамі быў абвешчаны ў вышук некалькі гадзін таму. Паліцыянты затрымалі яго ў Ліндэне, штат Нью-Джэрсі.
У выніку выбуху, што прагрымеў ў нью-ёркскім раёне Чэлсі ўвечары ў суботу па мясцовым часе, 29 чалавек атрымалі раненні.
Пазней у некалькіх кварталах ад месца выбуху было знойдзенае і абясшкоджанае другое выбуховае прыстасаванне, аналагічнае па канструкцыі.
Абедзве бомбы былі зробленыя са скараварак, начыненых аскепкавымі элементамі, і аказаліся ідэнтычнымі тым, што спрацавалі на Бостанскім марафоне ў 2013 годзе.
Паводле дадзеных амерыканскіх СМІ, у якасці дэтанатараў у абодвух прыладах выкарыстоўваліся мабільныя тэлефоны і калядныя гірлянды.
У панядзелак стала вядома, што ля вакзала ў горадзе Элізабэт ў штаце Нью-Джэрсі паліцыя знайшла заплечнік з пяццю самаробнымі выбуховымі прыладамі.
Адна з самаробных бомбаў спрацавала пры спробе яе абясшкодзіць. Сапёры выкарыстоўвалі дыстанцыйна кіраванага робата, таму абышлося без пацярпелых.
Паводле дадзеных паліцыі, выбуховыя прылады ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі маюць агульнае паходжанне.





