Адзін чалавек загінуў, другі атрымаў цяжкія раненні ў выніку страляніны ў рэстаране ў падмаскоўным пасёлку Горкі-2.
Пра гэта расійскаму «Інтэрфаксу» паведаміла крыніца ў праваахоўных органах.
Паводле яе слоў, інцыдэнт адбыўся ў панядзелак увечары ў рэстаране «Ветерок».
Невядомы мужчына ўвайшоў у памяшканне ўстановы і расстраляў з агнястрэльнай зброі дваіх наведвальнікаў, у выніку чаго адзін з іх памёр на месцы, а другі атрымаў цяжкія раненні, яго забралі медыкі.
Пазней крыніца «Інтэрфакса» ў праваахоўных органах паведаміла, што забітым аказаўся кіраўнік харкаўскай сепаратысцкай арганізацыі «Оплот» Яўген Жылін.
Згодна з інфармацыяй, 40-гадовы Яўген Жылін ад атрыманых ран памёр. Яго спадарожнік Андрэй Козыраў быў дастаўлены ў бліжэйшую бальніцу.
Як вядома, украінскія праваахоўнікі падазравалі Жыліна, у прыватнасці, у фінансаванні тэрарыстычных арганізацый.
У верасня 2015 года СБУ заблакавала некалькі банкаўскіх рахункаў, якімі карыстаўся верхавод тэрарыстычнай арганізацыі «Оплот».
Паведамлялася, што ўсяго на рахунках сваякоў Жыліна ў банкаўскіх установах заблакавана больш за 1,75 мільёна грыўняў.





