«Амаль месяц у швейцарскай школе, і я не паспяваю запісваць тое, што мяне дзівіць. Падзялюся, таму што хай самыя-самыя прасунутыя мамы, таты і настаўнікі забяруць найлепшае ў свае дамы, школы і курсы», — сваімі ўражаннямі аб тым, як наладжана сістэма адукацыі ў Швейцарыі, дзеліцца ў Facebook Ірына Плыткевіч.

1. Урокі ідуць блокамі па паўтары гадзіны. Паміж імі — дваццаць хвілін адпачынак, падчас якога дзеці ЗАЎСЁДЫ на вуліцы.

Так, мне ўсё зразумела пра розніцу ў надвор'і, але тут так пабудавана школа, што дзеці выходзяць з класа на паветра пад адмысловы навес. Такая тэраса ў кожнага класа свая. (Ну а раптам вы будзеце будаваць сваю школу). Ім нават не трэба пераабувацца. У любы дождж і вецер яны там.

У добрае надвор'е усе (і настаўнікі, клянуся!) гуляюць у футбол, баскетбол, пінг-понг і ўсякія выбівалы. Дзіця, якое не бегае, хутчэй за ўсё, адвядуць да доктара. Маіх вадзілі кожны дзень першыя два тыдні. А яны проста не ў курсе, што ў школе можна бегаць.

2. З 11.30 да 13.30 абедзенны перапынак. Можна застацца ў школе, можна вярнуцца дадому. Мяне гэты перапынак трохі раз'юшвае, але з-за яго дзеці наогул не стамляюцца. Наогул.

Алена ўчора спытала: а доўга мы яшчэ так адпачываць будзем? З раніцы вучацца з 8.15, вечарам — да 16.00. У сераду — кароткі дзень, да 11.30.

3. Каб дзеці не баяліся фармуляваць свае думкі ў пісьмовым выглядзе (сказалі на сходзе, што гэты навык катастрафічна знікае сёння), у школе ёсць пошта «настаўнік-вучань».

У кожнага дзіцяці свая паштовая скрыначка, туды кладзеш гэтую запіску, настаўнік абавязкова адказвае асабіста табе. Карыстаецца неймаверным поспехам — з раніцы ўсе бягуць забіраць свае «лісты».

4. Слоўнікавыя дыктоўкі пішуць пад малюначкам. Гэта значыць, пад малюначкам, які пазначае нейкае слова, трэба напісаць правільна само гэтае слова.

А не пад дыктоўку. Лічу, што вось гэта з серыі «ўсё геніяльнае проста». Дзіця запамінае, як пішацца слова, візуальна супастаўляючы яго з малюначкам. Гэта працуе нерэальна.

5. Калі робяць нейкі даклад, заўсёды ўключаюць музыку.

Я не вельмі разумею пакуль, як гэта працуе, але на «зрабіць даклад» заўсёды чарга з-за таго, што дзеці самі выбіраюць для яго музыку. У дакладзе, дарэчы, вітаецца касцюм і рэквізіты. Такі міні-спектакль.

Ніякіх прэзентацый у Power Point няма. Лічыцца, што дзіця ў пачатковай школе не можа зрабіць прэзентацыю самастойна.

6. На матэматыцы як рашаць прыклады — не тлумачаць. То бок дзіця, на аснове наяўных у яго ўжо ведаў, павінна прыдумаць, як лягчэй скласці, дапусцім, 48 плюс 53, і выйсці і растлумачыць.

Правільнага спосабу няма, усё вырашаюць так, як ім зручна. Сваім спосабам.

З-за гэтага, дапусцім, калі высветлілася, што клас ужо ведае дробы, а Алеся яшчэ не ў курсе, усе дзеці кінуліся тлумачыць ёй па-рознаму, выкарыстоўваючы яблыкі, кубікі і пластылін. Настаўніца самаўхілілася, а праз два дні проста спытала яе, ці ўсё зразумела. Алеся кажа: мне яшчэ ніколі ні адна тэма не была настолькі зразумелая.

7. Шмат што мацаюць рукамі. Увесь навакольны свет — гэта наогул пра «памацаць і паспрабаваць».

Дэгуставалі тут пшаніцу, жыта і авёс. Потым ездзілі на млын гэта ўсё малоць. Цяпер ім абяцаюць, што пекар спячэ з «іх» мукі булачкі і прыцягне гэта ўсё ў школу.

На геаграфіі вывучаюць мясцовы рэгіён літаральна так: вось тут у нас такая вось рэчка, хадзем глядзець. Бачыце, тут глеба вось такая, а тут — такая. Тут на гары, глядзіце, такая расліннасць, а вось на той гары — паедзем заўтра — іншая расліннасць.

На прадмет, які пра «зрабіць рукамі» — attivita creativa — гадзін столькі ж, колькі і на фізкультуру. І гэта два лідары па колькасці гадзін на тыдзень.

8. Лічаць, што памылкі — шлях да поспеху.

У Алены ў класе (3 клас) зрабілі нават такую фею памылак (вельмі прыгожая сімпатычная лялечка). Самі, рукамі. Фея гэтая голасам, зразумела, настаўніцы тлумачыць ім, што памыляцца добра і можна, перажываць тут увогуле няма чаго, таму што ты: а) думаеш крэатыўна і б) не баішся спрабаваць.

У Алесі (5 клас) настаўніца распавядае кожны дзень новы прыклад з навукі, калі памылка прывяла да адкрыцця.

Яшчэ, яшчэ. Даведка ад лекара патрэбна, калі толькі прапускаеш больш за 2 тыдні! Праўда, гэта адзіны выпадак, калі трэба ўсе заданні рабіць дома.

П.С. Школа пачатковая. Муніцыпальная, абсалютна бясплатная. На мой маскоўскі погляд, тэмп даволі павольны, але тым не менш праграмы ў цэлым супадаюць, а ў Алесі клас нават крыху пайшоў наперад у параўнанні з расійскім. Не разумею, як гэта ў іх атрымліваецца з такім «адпачываючым» падыходам. Будзе бачна!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?