Тры чалавекі загінулі ў выніку страляніны ва універмагу Macy's у амерыканскім горадзе Берлінгтан, штат Вашынгтон. Яшчэ двое параненыя.
AP
Адзін з пацярпелых знаходзіцца ў крытычным стане. Першапачаткова паведамлялася пра яго смерць, але, па ўдакладненых дадзеных паліцыі, яму ўдалося выжыць.
Усе трое загінулых — жанчыны.
Наваколлі гандлёвага цэнтра Cascade Mall ачэпленыя паліцыяй, ідуць пошукі меркаванага зламысніка.
Паліцыя схіляецца да версіі, што нападнік быў адзін. Улады штата апублікавалі фатаграфію падазраванага: гэта мужчына лацінаамерыканскай знешнасці ў шэрай вопратцы і ўзброены вінтоўкай.
AP
Матывы атакі пакуль не вядомыя.
Меркаваны стралок мог накіравацца ў бок аўтамагістралі I-5, паведамляе Seattle Times са спасылкай на сведак.
Прадстаўнік паліцыі штата Вашынгтон Марк Фрэнсіс напісаў у твітары, што выжылыя пры нападзе ў дадзены момант эвакуяваныя ў суседнюю царкву.
Паводле яго слоў, нападнік пакінуў гандлёвы цэнтр да прыезду паліцыі.
Горад Берлінгтан знаходзіцца прыкладна ў 100 км на поўнач ад Сіэтла.