У Мінску ў раёне Камароўскага рынку затрыманы адзін з лідараў грамадскага аб'яднання «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч.

Фота Ірыны Арахоўскай

Змітра Дашкевіча зацягнулі ў мікрааўтобус, за якім ехала міліцэйская машына, паведаміла яна. Дзе цяпер знаходзіцца Дашкевіч, невядома.

Сёння Дашкевіч планаваў прыняць удзел у пікеце ў Цэнтры Мінска каля крамы «Цэнтральны». Акцыя павінна пачацца ў 11 гадзін і, па задуме яго арганізатараў, будзе доўжыцца да 20 гадзін. На пікеце актывісты «Маладога фронту» маюць намер збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра пачатак збору подпісаў было абвешчана 19 верасня па завяршэнні акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» ў Мінску. Дашкевіч заяўляў, што плануе збіраць подпісы кожны дзень, акрамя нядзелі.

Сёння ў Мінску адбудзецца закрыццё мотасезона Harley Davidson H.O.G. Rally Minsk. У ім возьмуць удзел каля 4000 байкераў з Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі, краін Заходняй Еўропы. У мерапрыемстве, якое пачнецца а 12 гадзіне, плануецца ўдзел Аляксандра Лукашэнкі. У раёне крамы «Цэнтральны», дзе плануе правесці акцыю «Малады фронт», на дадзены момант засяроджана некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

11:15 

Як паведамляе карэспандэнт «НН», акцыя ўсё ж пачалася, на месцы збіраюць подпісы двое актывістаў. 

Пазней стала вядома, што Дашкевіча адпусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?