Рэгістрацыя міжнародных даменаў у Беларусі будзе спрошчаная. Гэта стане магчымым пасля таго, як 23 верасня беларуская хостынгавая кампанія hoster.by стала першым у краіне акрэдытаваным ICANN (Internet corporation for asigned names and numbers) рэгістратарам міжнародных даменных імёнаў.

Як растлумачылі ў кампаніі hoster.by, гэта азначае, што беларускі рэгістратар можа напрамую ўзаемадзейнічаць з небеларускімі рэестрамі даменных імёнаў. Такім чынам, сотні даменаў, сярод якіх папулярныя.com,.net,.org,.biz,.info стануць даступныя беларусам без удзелу ў працэсе іх рэгістрацыі рэгістратараў-пасрэднікаў.

На сёння ў свеце налічваецца больш за дзве тысячы акрэдытаваных ICANN рэгістратараў, якія сканцэнтраваныя ў асноўным у краінах Паўночнай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Еўропы. Пры гэтым ва Усходняй Еўропе такіх кампаній няшмат: у Расіі дзейнічае 9 ўпаўнаважаных рэгістратараў, ва Украіне — тры, у Літве — два, у Латвіі і Польшчы — па адным.

Уключэнне ў лік акрэдытаваных рэгістратараў даменных зон першага ўзроўню першай кампаніяй з Беларусі пракаментаваў віцэ-прэзідэнт ICANN па сувязях c Расіяй, краінамі СНД і Усходняй Еўропы Міхаіл Якушаў: «Тым самым пашыраюцца магчымасці для бізнесу — у дачыненні да беларускіх арганізацый, а таксама магчымасці для рэгістрацыі сваіх імёнаў у розных даменах — у дачыненні да беларускіх карыстальнікаў. Чым больш акрэдытаваных рэгістратараў ў рэгіёне, тым больш выгоды, больш магчымасцяў, больш бяспекі і стабільнасці глабальнага інтэрнэту».

Цяпер у свеце існуе больш за 1.500 даменных зон, у большасці з якіх выступаць рэгістратарамі могуць толькі акрэдытаваныя ICANN кампаніі. Па меры заключэння дагавораў з замежнымі рэестрамі hoster.by плануе пашырыць пералік аказваемых паслуг, а таксама прапанаваць «найбольш аптымальныя цэны» на дамены. Пры гэтым кампанія не выключае выхаду на рынкі даменаў суседніх краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?