Чытайце таксама: «Быў час, быў век, была эпоха». Пяць фактаў пра Ніла Гілевіча.
Ісціна, адвечная, як свет
Iсцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй — боль зняверу ўслед.
За пашанай — прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi — горыч страты,
За агнём любвi — разлукi снег.
За абдымкамi — падножка здрады…
Iсцiна, адвечная, як свет.
Як жа сталася?
Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы —
Ненавіснікі нашай свабоды,
Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.
Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,
А пад злодзеем хмыліцца злодзей,
А пад лёкаем мыліцца лекай,
А пад гнусам капошыцца гнуc,
А пад гэтым усім — беларус?
Мы дойдзем
За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем… I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але —
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.
А можа быць, яна — міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..





