«Роснефть» у судовым парадку запатрабавала ад РБК 3,124 мільярда расійскіх рублёў у якасці кампенсацыі рэпутацыйнай шкоды.

Пазоў нафтавай кампаніі тычыцца артыкула пад загалоўкам «Сечин попросил правительство защитить «Роснефть» от BP», апублікаванага 11 красавіка 2016 года. У гэтым матэрыяле сцвярджаецца, што кіраўнік «Роснефті» Ігар Сечын прасіў урад РФ перашкодзіць BP сабраць блакуючы пакет акцый расійскай кампаніі.

«Роснефть» у адказ на публікацыю заявіла, што выкладзеная ў артыкуле інфармацыя «з'яўляецца ілжывай і ўяўляе з сябе ні на чым не заснаваныя фантазіі журналістаў або іх так званых крыніц».

Прадстаўнік «Роснефті» на пасяджэнні суда 23 верасня заявіў, што артыкул РБК дыскрэдытуе кампанію. «У шырокага кола асоб можа скласціся неабгрунтаванае негатыўнае меркаванне, што асноўнай мэтай Сечына з'яўляецца не павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці і празрыстасці кампаніі, а захаванне нейкага кантролю над кампаніяй», — сказаў прадстаўнік кампаніі.

Адказчыкамі па пазове «Роснефті» з'яўляюцца журналісты Цімафей Дзядко, Людміла Падабедава і Максім Таўкайла (аўтары артыкула аб кампаніі), а таксама ТАА «БизнесПресс» (выдавец газеты РБК). Суадказнікамі пазначаныя тэлеканал «РБК-ТВ» і яго вядучы Канстанцін Бачкароў.

РБК адхіляе прэтэнзіі «Роснефті».

«Звесткі былі прадастаўленыя нам на ўмовах ананімнасці некалькімі грамадзянамі, таму, на жаль, мы не можам хадайнічаць аб іх выкліку ў якасці сведак. Але тым не менш, мы не прызнаем факт распаўсюджвання недакладных звестак», — заяўляла ў судзе юрыст РБК.

У 2016 годзе ў холдынгу РБК змянілася кіраўніцтва. У маі кампанію пакінулі шэф-рэдактар Лізавета Асяцінская і галоўны рэдактар сайта Раман Баданін, а таксама галоўны рэдактар газеты РБК Максім Солюс. У ліпені кіраўнікамі аб'яднанай рэдакцыі РБК сталі Лізавета Голікава і Ігар Траснікоў, якія з 2013 года працавалі ў ТАСС.

Мяркуецца, што прычынай змены кіраўніцтва РБК сталі публікацыі журналісцкіх расследаванняў — перш за ўсё, матэрыялаў пра членаў сям'і і акружэнне прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Крэмль афіцыйна абвяргаў здагадкі пра ціск на РБК.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?