У невыкананні абавязацельстваў пры будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната абвінавацілі адно аднаго Беларусь і Туркменістан.

27 верасня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, былы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч запрасіў на размову пасла Туркменістана Назаргулы Шагулыева.

«У якасці асобы, упаўнаважанай прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам забяспечваць куратарства за ходам будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане, М.У.Мясніковіч выказаў крайнюю занепакоенасць у сувязі з невыкананнем туркменскім бокам узятых на сябе фінансавых і іншых абавязацельстваў па рэалізацыі названага праекта. Было падкрэслена, што гэты фактар, а таксама шматлікія перашкоды, у тым ліку суб'ектыўнага характару, з якімі сутыкаюцца беларускія будаўнікі, негатыўна ўплываюць на ход будаўніцтва», — гаварылася ў паведамленні прэс-службы СР НС.

Мясніковіч «падкрэсліў неабходнасць прыняцця Ашхабадам шэрагу неадкладных мер у мэтах паспяховага завяршэння будаўніцтва камбіната».

30 верасня туркменскае пасольства распаўсюдзіла заяву МЗС краіны, у якой паведамляецца, што ў гэты дзень па даручэнні прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава адбылася сустрэча ўпаўнаважаных членаў урада Туркменістана з беларускай дэлегацыяй, якую ўзначальвае намеснік прэм`ер-міністра Анатоль Калінін.

«Асаблівая ўвага надавалася стану асобных праектаў, што рэалізуюцца ў Туркменістане беларускімі кампаніямі. Як вядома, найбольш буйным з іх з'яўляецца будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, якое ажыццяўляецца ААТ» Белгархімпрам». У гэтым кантэксце туркменскім бокам была выказана крайняя занепакоенасць у сувязі з невыкананнем беларускім бокам узятых на сябе кантрактных абавязацельстваў», — адзначаецца ў заяве.

У прыватнасці, «былі прыведзены канкрэтныя факты значнага адставання ад запланаваных тэрмінаў будаўніцтва па асобных аб`ектах, якія з`яўляюцца важнымі складовымі часткамі інфраструктуры камбіната».

«Акрамя таго, нягледзячы на неаднаразовыя звароты ўрадавых структур Туркменістана, беларускім бокам да гэтага часу не прадстаўлена інфармацыя аб тэрмінах пастаўкі часткі абсталявання на суму ў некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў ЗША і праекты наступных спецыфікацый. Таксама адзначаны факты неаднаразовай затрымкі выплаты заработнай платы з боку ААТ «Белгархімпрам» туркменскім грамадзянам, якiя працуюць на будаўніцтве аб`ектаў камбіната», — падкрэслівае МЗС Туркменістана.

«Адначасова ўвага віцэ-прэм`ера Беларусі было прыцягнута да паведамленняў беларускіх і некаторых іншых СМІ пра тое, што нібыта мае месца «незахаванне туркменскім бокам сваіх фінансавых абавязацельстваў па кантракце». У сувязі з гэтым ва ўрадзе Туркменістана было заяўлена пра недакладны характар такой інфармацыі. Пры гэтым адзначана, што з боку заказчыка — «Белгархімпрама» — часта не выконваюцца патрабаванні да своечасовага і поўнага афармлення пакета дакументаў, неабходнага для прадстаўлення да аплаты за выкананыя работы», — адзначаецца ў заяве.

Зыходзячы з вышэйпададзенага «туркменскім бокам падкрэслена неабходнасць прыняцця ўрадам Рэспублікі Беларусь неадкладных мер у мэтах своечасовага і паспяховага завяршэння будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане».

Будаўніцтва камбіната пачалося ў 2009 годзе. 19 чэрвеня капсулу ў падмурак прадпрыемствы заклалі Бердымухамедаў і Лукашэнка. Сумесная распрацоўка Гарлыкскага калійнага радовішча будзе сапраўдным прарывам у супрацоўніцтве Беларусі і Туркменістана на доўгатэрміновую перспектыву, заявіў тады беларускі кіраўнік.

«Мы даем пачатак прынцыпова новай галіне народнай гаспадаркі Туркменістана — горназдабываючай. І асабліва прыемна адзначыць, што тут мы не проста ганаровыя госці, а непасрэдныя ўдзельнікі вялікай справы — маштабнага інвестыцыйнага праекта», — заявіў на цырымоніі Лукашэнка, падкрэсліўшы, што супрацоўніцтва з беларусамі дае гарантыю не толькі якасці работ, але і выканальніцкай і фінансавай дысцыпліны.

У студзені 2010 года ААТ «Белгархімпрам» падпісала з дзяржаўным канцэрнам «Туркменхімія» кантракт на будаўніцтва пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў магутнасцю 1,4 млн. тон у год на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў (Лебапская вобласць Туркменістана). Пачатак работы прадпрыемства быў запланаваны на студзень 2015 года. Прэм`ер-міністрам Беларусі тады быў Мясніковіч, які працягвае курыраваць будоўлю.

У верасні 2012 года намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін і намеснік старшыні Кабінета міністраў Туркменістана Баймырат Хаджамухамедаў заявілі, што ўзвядзенне Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната з удзелам беларускіх і туркменскіх будаўнікоў вядзецца недастатковымі тэмпамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?