Асвоіць участак з відам на Дразды і новую рэзідэнцыю збіраліся даўно. Яшчэ стаялі карпусы, але ўжо распрацоўваўся праект забудовы, па якім прапаноўвалася размясціць тут сярэднепавярховае жыллё «палепшаных спажывецкіх якасцяў».

Светлыя квадраты — знесеныя ўчасткі фабрыкі, за Свіслаччу бліжэй да праспекта — Дрымлэнд, Палац незалежнасці, плошча Сцяга. У верхнім левым куце — Дразды. Яндэкс.Карты.

Заказчыкам на тэрыторыю тады вызначылі УКБ Цэнтральнага раёна. Потым гэтыя функцыі перадалі ДВА «Мінскбуд» і кампаніі «Трайпл». Апошняя ў 2012 годзе правяла конкурс на найлепшую канцэпцыю забудовы. Перамагла праца архітэктараў з Латвіі. Прадугледжвалася, што тэрыторыя будзе падзеленая каналам на дзве зоны — закрытую элітную і малапавярховую публічную. Але да рэалізацыі справа не дайшла.

У кастрычніку 2015 года быў аб'яўлены конкурс інвестараў. Ім прапаноўвалі на тэрыторыі фабрыкі — а гэта каля 60 гектараў — будаваць элітны раён на 350 тысяч квадратных метраў: некалькі дзевяціпавярховак, клубныя малапавярховыя дамы, таўнхаўсы. А у забеспячэнне забудовы інфраструктурай — узвесці кацельню, школу, дзіцячы сад, паліклініку, прагулачныя зоны. І знесці вялікі гаражны масіў. Укласціся ў такі «залаты» праект на фоне крызісу ахвотных, відаць, не знайшлося.

Такім хацелі бачыць раён: бліжэй да Свіслачы элітныя таўнхаўсы, бліжэй да дарогі — дзевяціпавярховікі папрасцей. Від з боку праспекта меркавалася ня пагаршаць высокапавярховай забудовай.

Цяпер частку тэрыторыі былой птушкафабрыкі — пляцоўку амаль у 36 гектараў — выставілі на аўкцыён «для будаўніцтва аб'екта «Шматфункцыянальны комплекс у раёне вул. Нававіленскай». З абцяжаранняў указаныя: знос будынка каналізацыйнай помпавай станцыі № 14 па вул. Нававіленскай, 25а і пакрыццё ў бюджэт Мінска страт, панесеных на вызваленне (уключаючы знос) пляцоўкі былой птушкафабрыкі. Зносу гаражоў няма — тэрыторыя пад гаражамі аказалася за межамі прапанаванай пакупнікам пляцоўкі.

Пачатковы кошт лота — 16 мільёнаў 204 тысячы рублёў — крыху больш за 8 мільёнаў даляраў. Паўдзельнічаць у аўкцыёне могуць як юрыдычныя асобы, так і індывідуальныя прадпрымальнікі. У аўкцыёне дапускаецца ўдзел на баку пакупніка кансалідаваных удзельнікаў — двух і больш індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб.

«Асноўныя патрабаванні па праектаванні і будаўніцтве аб'екта і ўмовы прадастаўлення зямельнага ўчастка пазначаныя ў зямельна-кадастравай і іншай дакументацыі, падрыхтаванай для правядзення аўкцыёну», — паведамляецца на сайце Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці, арганізатара таргоў.

«У складзе шматфункцыянальнага комплексу пазначаная жылая шматкватэрная забудова з поўным комплексам аб'ектаў грамадскага абслугоўвання. Агульная плошча забудовы — да 310 тысяч квадратных метраў, з іх жылля — 199 тысяч квадратных метраў», — удакладнілі ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці.

Гэтыя нормы кажуць пра тое, што забудоўшчыку, які набудзе гэты ўчастак, наўрад ці ўдасца пабудаваць новы высакашчыльны і высокапавярховы мікрараён. 199 тысяч квадратных метраў — гэта два дзясяткі шматпад'ездных дзевяціпавярховак ці тры-чатыры дзясяткі чатырох-сяміпавярховых дамоў. Гэта значыць, новы раён будзе калі не элітным, то цалкам камфортным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?