Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ў дачыненні да 17-гадовага Уладзіслава, падазраванага ў нападзе на людзей у ГЦ «Еўропа» з бензапілой і сякерай, ужо пачалася. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз Ягор Лівай.
Фота Яўгенія Ерчака, Tut.by
Пастанову аб правядзенні экспертызы выносіць следства. У дадзеным выпадку прызначаная стацыянарная экспертыза. Гэта значыць, што ў час яе правядзення падазраваны будзе знаходзіцца ў адмысловым аддзяленні закрытага тыпу.
- Гэта рэжымны аб'ект, умовы там чымсьці нагадваюць следчы ізалятар, - удакладніў Ягор Лівай. - Ён ізаляваны, можа кантактаваць толькі з экспертамі. Родныя могуць яго наведваць, калі толькі следства дазволіць.
Для правядзення экспертызы створана камісія з кваліфікаваных экспертаў-псіхолагаў і псіхіятраў. Яны будуць на працягу 30 сутак працаваць з самім падазраваным (праводзіць гутаркі, назіраць за паводзінамі), а таксама вывучаць матэрыялы крымінальнай справы, медыцынскую дакументацыю і характарыстыкі з месца вучобы.
- На падставе комплексу мерапрыемстваў будуць дадзены адказы на пытанні, якія паставіла перад экспертамі следства. У тым ліку на пытанне, ці быў ён пры свядомасці ў момант здзяйснення грамадска небяспечных дзеянняў, - сказаў Ягор Лівай.
Вынікі экспертызы можа агучыць толькі орган, які вядзе крымінальны працэс.
- Улічваючы, што закранаецца пытанне аб стане здароўя канкрэтнага чалавека, гэта інфармацыя абмежаванага распаўсюду, — удакладніў афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз.





