Газета «Народная воля» ў нумары за пятніцу зрабіла невялікае інтэрв’ю з рыэлтарам Аляксандрам Гарашчэнем, які абразіў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, назваўшы яго «нацысцкай свалатой».
«Нядаўна мне патэлефанавалі з БДУ [Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта] і паведамілі, што працягнуць супрацоўніцтва са мной не могуць. А ў агенцтве нерухомасці я таксама больш не працую», — сказаў Гарашчэня.
Аднак на сайце агенцтва «АкадэмНерухомасць» ён усё яшчэ значыцца ў якасці атэставанага рыэлтара.
«Зразумела, што гэта быў учынак, якім ганарыцца ніяк нельга. Трэба было, калі і пісаць, то абыходзіцца без нейкіх брыдкіх выразаў. Але што зроблена, тое зроблена», — адзначыў герой скандала.





