ІнА «Украінскае фота»
Служба бяспекі Украіны абвергла інфармацыю пра пагрозу падняць знішчальнікі для вяртання ў Кіеў самалёта «Белавіі». Пра тое, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, заявіў у эфіры ўкраінскага тэлеканала «112 Украіна» кіраўнік апарата кіраўніка СБУ Аляксандр Ткачук.
«Самалёт ужо нейкі час знаходзіўся ў паветры. Паводле патрабавання авіядыспетчара гэты борт спакойна зрабіў адпаведныя манеўры і прызямліўся ў аэрапорце, дзе былі праведзены неабходныя праверачныя мерапрыемствы, каб пераканацца, што любая пагроза і нацыянальным інтарэсам Украіны, і нацыянальнай бяспецы нашай дзяржавы лакалізаваная», — распавёў ён.
Адказаў Ткачук і на пытанне, ці праўда, што ў паветра павінны былі падняцца знішчальнікі.
«Я думаю, што гэта крыху абсурдна лічыць, што нашы вайсковыя лятальныя апараты могуць быць ужытыя супраць грамадзянскага борта», - сказаў ён.
У сваю чаргу прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская патлумачыла, што стала прычынай вяртання самалёта беларускай авіякампаніі.
На сваёй старонцы ў Facebook яна паведаміла, што СБУ атрымала інфармацыю аб замежным грамадзяніне і магчымай пагрозе нацыянальнай бяспецы дзяржавы.
«Мы неадкладна праінфармавалі пра гэта ГП «Украэрарух». Да таго часу, калі дыспетчар звязаўся з пілотам, самалёт ужо некалькі хвілін знаходзіўся ў паветры», — паведаміла Гітлянская.
Спікер СБУ дадала, што «пасля праверачных мерапрыемстваў мы пераканаліся, што пагроза нацыянальнай бяспецы лакалізаваная. СБУ дзейнічала і будзе дзейнічаць у рамках кампетэнцыі для забеспячэння бяспекі краіны і яе грамадзянаў», - дадала яна.
Тым часам авіякампанія «Белавія» працягвае настойваць, што пагроза падняць знішчальнікі ад Кіева зыходзіла.
«Запіс перамоваў экіпажа з наземнымі службамі вядзецца на ўсіх самалётах. Калі спатрэбіцца, мы яе расшыфруем і дамо, - заявіў намеснік генеральнага дырэктара беларускай авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.





