Пляцоўка, дзе спынілася будаўніцтва

Пляцоўка, дзе спынілася будаўніцтва

Жыхары Віцебску атрымалі адказ на свой калектыўны зварот да мясцовых уладаў, у якім выклалі аргумэнты супраць узьвядзеньня копіі полацкага Сафійскага сабору ўзору XI стагодзьдзя. Ліст яны накіроўвалі ў аблвыканкам, аднак чыноўнікі яго пераадрасавалі, і адказ прыйшоў зь Віцебскага гарвыканкаму.

У лісьце за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Дзьмітрыя Шэрыкава паўтараецца тое ж, што віцябляне пачулі на нядаўняй сустрэчы зь віцебскімі чыноўнікамі — што будаўніцтва замарожана на няпэўны тэрмін.

Паводле гэтага допісу, гарадзкія ўлады прапануюць галоўныму ініцыятару ўзьвядзеньня сабору, віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы, зрабіць шэраг зьменаў у праекце. У тым ліку перанесьці сабор на 36 мэтраў, каб мінімалізаваць зону вырубкі дрэваў у гарадзкім парку, і з той самай мэтай зьмяніць трасыроўку камунікацый. Таксама — адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынку, зьменшыць плошчу ніжняга храму да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі, скараціць тэрыторыю, на якой замест вынішчаных дрэваў плянаваліся брукаваныя дарожкі і пляцоўкі, і павялічыць колькасьць кампенсацыйных пасадак дрэваў у цэнтры гораду, а не на ўскраіне, як зьбіраліся прадстаўнікі эпархіі.

Выгляд Сафійскага сабора паводле праекту

Выгляд Сафійскага сабора паводле праекту

Тым ня менш, значную колькасьць апанэнтаў будаўніцтва прапанаваныя зьмены не задавальняюць. Пратэстна настроеная частка насельніцтва выступае супраць зьнішчэньня дрэваў у парку паміж вуліцамі Ўрыцкага і Чэхава ў прынцыпе — у любой колькасьці.

Многія кажуць, што сабор-падробка не патрэбны Віцебску ўвогуле: у гэтым раёне й так функцыянуюць тры храмы, дзе нават у нядзельныя дні мала вернікаў.

А тым часам у горадзе шмат «даўгабудаў», і ў іхным ліку царква сьвятога Архангела Міхаіла каля гіпэрмаркету «Грын», якую мусілі збудаваць да верасьня 2016 году, але мінакі бачаць адно толькі падмурак.

Жаданьне Віцебскай эпархіі ўвесьці ў горадзе Сафійскі сабор мясцовыя жыхары тлумачаць амбіцыйнасьцю мясцовага царкоўнага кіраўніцтва: маўляў, размова вядзецца пра аб’яднаньне з Полацкай эпархіяй, якое трэба «адзначыць» сымбалічным саборам-навабудам. Шмат хто адзначае, што гэты сабор — даніна расейскаму «Газпраму», які паабяцаў даць грошы на ўзьвядзеньне Сафіі ў Віцебску.

Праўда, вэрсыя пра мэцэнацтва «Газпрама» і яго кіраўніка ў апошні час аспрэчваецца гарадзкім кіраўніцтвам. Мала хто верыць і ў тое, што новы сабор будзе здольны прыцягнуць у Віцебск вялікую колькасьць турыстаў, як гэта дэкляруецца.

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік напісаў ліст у Віцебскі гарсавет, дзе прапануе правесьці гарадзкі рэфэрэндум, што да неабходнасьці ўзводзіць у абласным цэнтры копію былога полацкага храма. А выдаткі на правядзеньне ўскласьці на ініцыятара будаўніцтва, Віцебскую эпархію.

На сёньня месца будаўніцтва сабора абгароджана плотам, за якім апынулася ці не палова парка, у якім, паводле першапачатковага праекту, да зьнішчэньня асуджаны 206 дрэваў. Праўда, брамы ў плоце ўжо няма. Зьнік і «Пашпарт аб’екта», які ўжо былі пасьпелі разьмясьціць на плоце.

Рэакцыя Віцебскай эпархіі на прапановы гарвыканкаму пакуль невядомая. Не атрымалі віцябляне і адказу на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім прасілі пакінуць парк у спакоі і падумаць пра мэтазгоднасьць новага сабору ўвогуле — у той час, калі ў Віцебску не будуюцца аб’екты, куды больш неабходныя гараджанам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?