Славуты кампазітар, дырыжор, знаўца беларускага фальклору, стваральнік беларускай і польскай нацыянальных опер нарадзіўся амаль 200 год таму ў вёсцы Убель Чэрвеньскага раёна. Цяпер на месцы былой сядзібы стаіць памятны знак.
Станіслаў Манюшка напісаў музыку да 309 песен, з іх 22 творы — на вершы Яна Чачота, 20 — Уладзіслава Сыракомлі. Манюшка стварыў шмат сольных і харавых сачыненняў на рэлігійную тэматыку.
Творчы светапогляд Станіслава Манюшкі сфармаваўся ўжо ў юнацкія гады, што прайшлі на Беларусі. З маленства кампазітар адчуў хараство і прывабнасць нашага фальклору. І ў больш познія гады, ужо на чужыне, шчодра чэрпаў натхненне з гэтай народнай крыніцы.
Мы адчуем гэта, калі будзем спяваць песні на музыку вялікага кампазітара! Запрашаем усіх жадаючых развучыць і разам заспяваць некалькі вядомых твораў Станіслава Манюшкі.
А яшчэ — пра творчасць Станіслава Манюшкі нам распавядзе прафесар Віктар Скарабагатаў, які ўсё жыццё даследуе феномен кампазітара.
Маргарыта Ляўчук, салістка-сапрана Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і Музычнага дома «Класіка», выканае некалькі твораў Манюшкі.
Прыходзьце 25 кастрычніка: Галерэя Ў, пр-т Незалежнасці, 37А, Мінск. Пачатак а 19.00. Уваход вольны!
«Спеўны сход» увесну 2014 года распачалі Аляксей Чубат і Сяргей Доўгушаў. На «Спеўным сходзе» можа спяваць кожны чалавек. Праект дапамагае захоўваць нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі.