Магілёўскі аблсуд прыгаварыў да пажыццёвага зняволення 39-гадовага жыхара Бабруйска, абвінавачанага ў мінулым годзе ў забойстве ў Глускім раёне 28-гадовай бабруйчанкі і яе сямігадовага сына.

Трупы жанчыны і дзіцяці былі знойдзеныя 26 снежня 2015 года ў адным з дамоў у вёсцы Заполле. Паводле папярэдніх дадзеных следства, смерць абодвух наступіла ад шматлікіх колата-рэзаных і агнястрэльных раненняў. На месцы трагедыі знаходзіўся і сам падазраваны ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.

Як паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе, з вечара 25 снежня да раніцы 26 снежня 2015 года абвінавачваны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, падчас сваркі з пацярпелай пасля сумеснага ўжывання спіртных напояў, нанёс ёй нажом, рукамі і нагамі, абутымі ў гумовыя боты, а таксама прыкладам паляўнічай стрэльбы не менш як 57 удараў па розных частках цела, ад якіх жанчына памерла на месцы.

Затым, як высветліў суд, мужчына ўдарыў нажом у грудзі дзіця, а таксама прыцэльна стрэліў у хлопчыка з двухствольнай паляўнічай стрэльбы. Дзіця памерла на месцы.

У ноч на 26 снежня абвінавачваны таксама стрэліў у акно суседняга дома, і, зайшоўшы ў суседскі двор, стрэльбай разбіў шкло ў адным з вокнаў. Калі сусед, які выйшаў з дома, паспрабаваў адабраць у мужчыны стрэльбу, ён некалькі разоў ударыў гаспадара домаўладання па шыі і галаве, прычыніўшы лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя.

Суд прызнаў падсуднага вінаватым у забойстве двух асоб, у тым ліку заведама малалетняга, а таксама ў асабліва злосным хуліганстве, і прыгаварыў да пажыццёвага зняволення ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

28 кастрычніка прысуд набыў законную моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?