Сёння ў Беларусі стартуе нацыянальны адборачны тур на конкурс «Еўрабачанне-2017», паведамляе Белтэлерадыёкампанія — арганізатар нацыянальнага адбору.

Палажэнне аб правядзенні Нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні «Еўрабачанне-2017» 3 лістапада на пасяджэнні ўхвалілі члены пастаянна дзеючага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да «Еўрабачання», гаворыцца ў паведамленні.

Традыцыйна афіцыйны прадстаўнік Беларусі для ўдзелу ў міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2017» будзе вызначаны падчас трансляцыі фіналу нацыянальнага адбору галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50x50. Фіналістаў, у сваю чаргу, вызначыць прафесійнае журы падчас адкрытага праслухоўвання ўсіх прэтэндэнтаў адбору.

Міжнародны конкурс «Еўрабачанне-2017» пройдзе ў маі ў Кіеве (Украіна). Паўфіналы адбудуцца 9 і 11 мая, фінал самага маштабнага песеннага шоу Еўропы прызначаны на 13 мая.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу конкурсу будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі — «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна