8 кастрычніка ў сталічным гандлёвым цэнтры «Еўропа» 17-гадовы хлопец напаў на людзей з бензапілой і сякерай.
Затрымаў яго малады работнік цэнтра: паваліў на зямлю і скруціў.
2 лістапада гэтаму чалавеку — Аляксандру Модліку — асабіста падзякаваў начальнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў. Ён уручыў яму пісьмо з падзякай і нагрудны знак ГУУС Мінгарвыканкама «За заслугі».
«Вельмі прыемна ўсведамляць, што ў нашым грамадстве ёсць такія людзі, якія ў такіх экстрэмальных умовах гатовыя выканаць свой грамадзянскі абавязак, — сказаў генерал-маёр Барсукоў. — Вы зрабілі як сапраўдны мужчына! Вельмі вам за гэта дзякую!»
Сам жа герой да свайго ўчынку ставіцца дастаткова сціпла. Ён мяркуе, што на ягоным месцы любы зрабіў гэтак жа.
«Практычна адразу падбеглі яшчэ людзі і ахоўнікі», — адзначыў ён.





