У канцы кастрычніка кампанія General Dynamics перадала Сухапутным войскам ЗША першы прататып БТР Stryker з баявым модулем з магутнай 30-мм аўтаматычнай гарматай. Усе новыя машыны пойдуць перш за ўсё для 2-га кавалерыйскага палка, піша military.com.
Новая машына з вежай і 30-мм гарматай. Фота military.com
Таксама Stryker'ы могуць атрымаць у якасці дадатковага ўзбраення супрацьтанкавыя комплексы Javelin.
Менавіта Stryker — асноўны тып лёгкай бранятэхнікі, які маюць на ўзбраенне пяхотныя часткі ЗША, што стаяць у Еўропе.
Імі ўзброены 2-гі кавалерыйскі полк, які ў 2014 і ў пачатку 2015 года ўдзельнічаў у шматлікіх вучэннях і манеўрах у краінах Усходняй Еўропы, каб падтрымаць хаўруснікаў ЗША - найперш краіны Балтыі і Польшчу.
Сустрэча амерыканскіх жаўнераў на БТР Stryker жыхарамі Беластока падчас вучэнняў «Атлантычная рашучасць» вясной 2015 г. Фота Reuters
З гэтай прычыны пытанне пра падвышэнне баявой моцы гэтых бронетранспарцёраў было ўзнятае ў Пентагоне ўжо паўтара гады таму — у адказ на магчымую сустрэчу з новымі цяжка ўзброенымі БТР і БМП расійскай арміі.
Цяпер Stryker мае ў якасці асноўнага узбраення буйнакаліберны 12,7-мм кулямёт ці 40-мм аўтаматычны гранатамёт.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»




