Раніцай 4 лістапада чытачы TUT.BY паведамілі пра дзіўны рух грузавіка ля ўвахода ў Дом урада ў Мінску - нібыта кіроўца кружыў на вялікай хуткасці ад помніка Леніну да плошчы Мяснікова. Міліцыя перакрыла рух машыне і затрымала мужчыну, які ў гэты час моцна лаяўся.
Па словах відавочцаў, затрыманне праходзіла досыць жорстка, сам кіроўца выкрыкваў абразы ў адрас прэзідэнта. На яго надзелі кайданкі і нейкі час пакінулі стаяць на каленях. Пасля таго як мужчыну адвезлі ў аддзел міліцыі, яго машына яшчэ прыкладна гадзіну заставалася стаяць каля плошчы.
Пазней прэс-служба ГУУС паведаміла, што міліцыя затрымала парушальніка ПДР, які «пашкодзіў дарожны знак у раёне плошчы Незалежнасці».
«У 8.45 затрыманы 38-гадовы мінчук, які, кіруючы аўтамашынай DAF (грузавік), груба парушыў шэраг Правілаў дарожнага руху. Дзякуючы пільным і прафесійным дзеянням міліцыянтаў ён быў затрыманы. Падчас спынення супрацьпраўных дзеянняў кіроўца вёў сябе неадэкватна, нецэнзурна лаяўся», — паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.
Адзначаецца, што падчас агляду машыны следча-аператыўная група Маскоўскага РУУС знайшла ў салоне металічную курыльную люльку з рэчывам расліннага паходжання зялёнага колеру, а таксама бляшанку з аналагічным рэчывам. Знаходкі адпраўленыя на экспертызу.
У дачыненні да кіроўцы супрацоўнікамі аддзела ДАІ Маскоўскага РУУС складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах 18.12, 18.14, 18.17, 18.22 КоАП Беларусі.
Высветлілася, што гэты грамадзянін раней ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў — з 2008 па 2016 год 19 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР і працоўнага заканадаўства.
Праводзіцца далейшая праверка, паведамілі ў ГУУС.





