Ігара Даўгялу з «Нафтана» жыццё прыперла да сценкі. Пра выпадак піша Tribuna.com.
Футбольны «Нафтан» у апошнія гады — клуб небагаты. І хутчэй нават бедны. Нафта сёння не ў цане, справы на наваполацкім нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве, якое дало клубу назву, а ў лепшыя часы яшчэ давала і грошы, ідуць не вельмі. Гульцы скардзяцца, што ім не плацяць або плацяць, але мала. Некаторыя распавядаюць пра сваё становішча ў роспачы.
І вось яшчэ адно пацверджанне таго, што сітуацыя вельмі кепская. Галкіпер каманды Ігар Даўгяла, што згуляў у сезоне-2016 25 матчаў, выставіў у інтэрнэце на продаж уласныя буцы.
Сваё рашэнне ён матываваў «цяжкім фінансавым становішчам». За гульнявы абутак adidas - памер uk 9 - футбаліст хоча 50 рублёў. Увогуле, калі ў вас такая нага і вам патрэбныя буцы, вы можаце зрабіць жыццё аднаго ўдзельніка чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе крышачку лепшым.





