У Беларусі за два гады будзе пабудаваны новы цэнтр кіравання паветраным рухам. 4 лістапада ў сталічным мікрараёне Сокал, дзе будзе базіравацца аб'ект, заклалі памятную капсулу.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый, будаўніцтва цэнтра прадыктавана неабходнасцю ўдасканалення ўзроўню арганізацыі паветранага руху ў Беларусі, развіцця сістэмы кіравання паветраным рухам. Для гэтага неабходна павелічэнне прапускной здольнасці паветранай прасторы краіны, замена абсталявання аўтаматызаванай сістэмы кіравання паветраным рухам.

Сёння над Беларуссю пракладзена больш за 50 маршрутаў паветранага руху, агульная працягласць якіх перавышае 27 тыс. км. Выкарыстанне новых сучасных радыёлакатараў і сродкаў навігацыі сувязі дазваляе павышаць бяспеку і якасць кіравання паветраным рухам над тэрыторыяй краіны.

За суткі Беларусь перасякаюць звыш 700 паветраных суднаў. У адпаведнасці з прагнозам Еўракантролю да 2022 года чакаецца павелічэнне на 17% інтэнсіўнасці палётаў праз беларускую паветраную прастору ў параўнанні з 2015 годам.

Увод у дзеянне новага цэнтра кіравання паветраным рухам закліканы вырашыць некалькі пытанняў. Гаворка ідзе пра рэструктурызацыю паветранай прасторы — змяненні колькасці і складу сектараў паветранай прасторы; павышэнне ўзроўню аэранавігацыйнага абслугоўвання і авіяцыйнай бяспекі за кошт мадэрнізацыі працоўных месцаў дыспетчараў; нарошчванне транзітнага патэнцыялу краіны.

Новы цэнтр УУС таксама дасць магчымасць задаволіць попыт карыстальнікаў паветранай прасторы Беларусі на аэранавігацыйныя паслугі і забяспечыць павелічэнне паступленняў валютных сродкаў у краіну, адзначылі ў Мінтрансе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?