Пакаштаваць стравы аўтэнтычнай кухні і паглядзець на дэфіле караваяў можна будзе 12 лістапада падчас «Свята млынароў» у аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама, піша БелТА.
На леташнім свяце. Фота belsat.eu
Аграгарадок Адэльск ў чацвёрты раз стане сталіцай незвычайнага «Свята млынароў». «Назва свята і месца правядзенняя выбраны не выпадкова. Калісьці менавіта ў Адэльску дзейнічала амаль паўтара дзясятка вадзяных млыноў і ветракоў, а млынары былі аднымі з самых паважаных людзей. Многія традыцыі тых часоў захаваліся і дагэтуль», — адзначылі ў Гродзенскім райвыканкаме. Там падкрэслілі, што ў праграме свята не толькі выстава-продаж хлебабулачных вырабаў, але і дэфіле, а таксама дэгустацыя традыцыйных караваяў з печы.
Ёсць і яшчэ адна важная прычына для візіту ў Адэльск ў святочны дзень. Бо традыцыйныя рэгіянальныя стравы мястэчка ўнесеныя ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Падчас свята гаспадыні падзеляцца сакрэтамі іх прыгатавання, кожны ахвотны зможа ўзяць удзел у дэгустацыі. Прэзэнтуюць у гэты дзень і кнігу рэцэптаў рэгіянальных страў «Каля печы», якая навучыць гатаваць пончыкі, пызы, кішку і нават квашаніну па-адэльску.
Народныя майстры правядуць майстар-клас па кавальскай і ганчарнай справе. Пазнаёмяцца госці і з творчасцю вядомага далёка за межамі Адэльска народнага майстра музычных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча. Завершыцца ж свята маляўнічымі канцэртам і дыскатэкай.





