Фота vk.com/bwultras.
«Міністэрствам дзяржбяспекі ЛНР падчас мэтанакіраванай працы па супрацьдзеянні дзейнасці замежных радыкальных груповак, якія пад кантролем спецслужбаў займаюцца прапагандай ідэалогіі крайняга нацыяналізму, распальваюць міжнацыянальную варожасць і ажыццяўляюць выведвальныя аперацыі на тэрыторыі рэспублікі, выяўлена група фанатаў футбольнага клуба «Зара» «Ультрас Чорно-бiлi», — паведамілі ў спецслужбе ЛНР.
На дадзены момант затрыманыя дзве асобы — 20-гадовы Уладзіслаў Аўчарэнка і 19-гадовы Арцём Ахмераў. Супраць іх распачата крымінальная справа па артыкуле «дзяржаўная здрада ў форме шпіянажу».
«У ходзе следчых дзеянняў ужо выяўленыя факты вярбоўкі грамадзян Аўчарэнкі і Ахмерава супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны з пазыўным «Вялікі і злы» і перадачы інфармацыі, якая складае дзяржаўную тайну, а таксама захоўвання сімволікі батальёна «Азоў», «Правага сектара», футбольнага клуба «Зара», распаўсюджвання імі неанацысцкай літаратуры і ўлётак з заклікамі да звяржэння канстытуцыйнага ладу рэспублікі», — гаворыцца ў заяве МГБ «ЛНР».
МГБ мае шырокі спектр прэтэнзій да фанатаў: «У цяперашні час праводзяцца праверкі на магчымае дачыненне членаў групоўкі да карэктавання артылерыйскага агню па Луганску ў 2015 годзе, да масавых забойстваў на Майдане ў Кіеве, у адэскім Доме прафсаюзаў, да правакацый і нападаў на актывістаў падчас правядзення рэферэндуму аб незалежнасці ЛНР».
«Луганскай народнай рэспублікай» былі абвешчаныя тыя тэрыторыі Луганскай вобласці Украіны, якія былі занятыя расійскімі сіламі ў 2014 годзе.
Футбольны клуб «Зара» працягвае выступаць у чэмпіянаце Украіны. Ад часу акупацыі Луганска ён праводзіць матчы ў Запарожжы. У чэмпіянаце займае другое месца пасля данецкага «Шахцёра», які ад 2014 года праводзіць хатнія матчы ў Львове.
Футбольныя фанаты «Зары» і данецкага «Шахцёра» ўдзельнічалі ў пратэстах супраць расійскага ўварвання ў Крым і Данбас.
Старонкі ультрас у сацсетках паведамляюць, што ў фанатаў у Луганску выявілі ўкраінскія сцягі і праўкраінскія ўлёткі.
Фанат «Зары» ў Луганску сфатаграфаваўся з украінскім сцягам у цэнтры горада і выклаў фота ў інтэрнэт.
Тыя фанаты «Зары», што жывуць у Запарожжы, адрэагавалі на замах на кіраўніка «ЛНР» Платніцкага вось такой расцяжкай. Фота uapress.info.





