Тысячы пратэстоўцаў у Сеуле выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта краіны Пак Кын Хэ на фоне скандалу з умяшаннем у дзяржаўныя справы блізкай сяброўкі карэйскага лідара.
АР
Паліцыя паведамляе аб 40 тысячах удзельнікаў акцыі, піша ВВС.
Гэта другая гэтак буйная маніфэстацыя: у мінулую суботу ў Сеуле таксама прайшла шматтысячная акцыя пратэсту супраць Пак Кын Хэ.
Пасля гэтага прэзідэнт прынесла прабачэнні і зрабіла радыкальныя перастаноўкі ў кіраўніцтве краіны.
Скандал выбухнуў пасля таго, як у канцы кастрычніка журналісты кабельнага канала JTBC знайшлі ў смеццевым баку аднаго з гатэляў Сеула планшэт, на якім выявілі 200 сакрэтных дакументаў 2012-2014 гадоў. Сярод іх аказаліся і 44 чарнавікі прамоваў Пак Кэн Хэ.
Высветлілася, што прамовы правіла сяброўка прэзідэнта Чхвэ Сун Сіль, якую апазіцыя называе «варажбіткай». У планшэце таксама знайшлі яе сэлфі. Следчыя падазраюць яе ва ўмяшанні ў дзяржаўныя справы і выкарыстанні свайго становішча дзеля атрымання фінансавай выгады.
Па версіі следства, яна змушала прадпрымальнікаў ахвяраваць мільёны даляраў падкантрольным ёй фондам, дапамагала пры выбары памочнікаў прэзідэнта і нават выбірала адзенне для Пак Кын Хэ.
Чхвэ Сун Сіль была арыштаваная ў чацвер, ёй выстаўленыя абвінавачванні ў махлярстве і злоўжыванні ўладай.





