Аўтамабіль «Рэно Меган» на трасе пад Бабруйскам збіў маці і дваіх яе дзяцей на пешаходным пераходзе, паведаміў БелТА в.а. начальніка ДАІ Бабруйскага раёна Ігар Чарноў.

ДТЗ адбылося каля 19.00 5 лістапада на 127-м кіламетры аўтадарогі М-5 Мінск — Гомель каля вёскі Баяры. У выніку наезду жанчына загінула на месцы здарэння, дзеці 2001 і 2003 гадоў нараджэння шпіталізаваныя ў Бабруйскую цэнтральную бальніцу з траўмамі рознай ступені цяжкасці (пераломы, удары і інш.).

Аўтамабіль рухаўся ў бок Гомеля, трое пешаходаў, пазначаныя святлоадбіўнымі элементамі, пераходзілі праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Кіроўца позна заўважыў людзей.

Абставіны здарэння высвятляюцца, на месцы працуе следча-аператыўная група. У «Рэно» знаходзіліся жонка кіроўцы і аднагадовае дзіця, яны не пацярпелі.

Па факце ДТЗ Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 317 КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0