Міла Джуканавіч, AFP
Група «рускіх нацыяналістаў» планавала забойства прэм'ер-міністра Чарнагорыі Міла Джуканавіча з мэтай прывесці да ўлады апазіцыйную партыю. Пра гэта заявіў чарнагорскі пракурор Мілівое Катніч, які расследаваў «меркаваную змову», перадае Reuters.
«Арганізатарамі гэтай крымінальнай групы былі нацыяналісты з Расіі, чыёй першапачатковай пасылкай і заключэннем было тое, што ўрад Чарнагорыі, які ўзначальвае Міла Джуканавіч, не можа быць заменены на выбарах і што ён павінен быць звергнуты сілай», - сказаў пракурор.
Мэтай было забіць прэм'ер-міністра і дапамагчы партыі апазіцыянераў заняць парламент, адзначыў ён. Пра якую менавіта партыю ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.
«Улады высветлілі, што крымінальная група была сфарміравана на тэрыторыі Чарнагорыі, Сербіі і Расіі, а мэтай яе было - здзейсніць тэрарыстычны акт», - падкрэсліў Катніч.
Здзейсніць забойства павінен быў чалавек, які навучаны «стральбе з далёкай дыстанцыі», адзначыў пракурор.
У той жа час ён заявіў, што «ніякіх доказаў таго, што Расія датычная да тэракту, няма», перадае TANJUG. «Мы будзем працягваць супрацоўніцтва з расійскімі калегамі», - падкрэсліў ён.
16 кастрычніка ў Чарнагорыі прайшлі выбары. Тады ж улады краіны паведамілі пра затрыманне грамадзян Сербіі, якія збіраліся атакаваць апазіцыйныя акцыі пратэсту для таго, каб справакаваць штурм парламента.





