«Наша Ніва» склала спіс месцаў у Беларусі, за якімі можна назіраць праз вэб-камеры. А таксама тых, дзе камер пакуль няма, але было б варта ўсталяваць.
Дзе камеры ўжо ёсць
1. Памежныя пункты пропуску
Пункт пропуску «Новая Гута».
Можна праглядаць відэа з вэб-камер аўтадарожных пунктаў пропуску «Бераставіца», «Катлоўка», «Каменны Лог», «Варшаўскі мост», «Дамачава», «Макраны», «Брузгі», «Новая Гута» і «Прывалка». Калі вы не ведаеце, якім шляхам лепш ехаць, можаце зайсці на афіцыйны сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта і пабачыць у рэжыме анлайн чаргу на мяжы.
2. Санаторыі і базы адпачынку
Санаторый «Сосны».
На прасторах Сеціва можна знайсці відэа з вэб-камер беларускіх санаторыяў і баз адпачынку.
Тут можна назіраць у рэжыме анлайн за санаторыямі «Сосны» і «Юнацтва», а тут — за базай адпачынку «Чырвонагорка» на Браслаўскіх азёрах.
3. Аўтамагістралі
Траса М1.
На сайце «Белаўтадора» знаходзяцца спасылкі на відэа з вэб-камер, усталяваных на галоўных беларускіх магістралях.
Баіцеся дарожных затораў альбо непагадзі? Пры дапамозе гэтага сэрвісу вы зможаце даведацца пра актуальны стан дарожнага пакрыцця і надвор’я.
4. Культавыя пабудовы
Вы можаце паглядзець у рэжыме анлайн на касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы альбо на Свята-Уваскрасенскі сабор у Брэсце.
А ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены камеры ўсталяваныя проста ўнутры, таму вы можаце назіраць за службай дома.
З дому можна сачыць за службай у Чырвоным касцёле.
5. Вуліцы гарадоў
Лідар па колькасці вэб-камер на вуліцах — Брэст. На гэтым сайце можна сачыць за тым, што адбываецца ў горадзе, з больш чым 20 камер.
Вуліца Савецкая ў Брэсце.
У іншых буйных гарадах Беларусі выбар анлайн-трансляцый куды меншы.
Вэб-камеры ёсць у Магілёве, Бабруйску, Віцебску, Гродне.
У сталіцы Беларусі вэб-камер, якія паказвалі б жыццё вуліц, фактычна няма.
Раней на сайце Мінгарвыканкама можна было знайсці анлайн-трансляцыю камеры з будынка адміністрацыі Заводскага раёна, але ўжо некалькі гадоў гэтая камера не працуе. Не працуюць цяпер і камеры, якія былі ўсталяваныя на будынку Мінгарвыканкама і каля Нацыянальнай бібліятэкі.
Ёсць некалькі камер у гандлёвых цэнтрах і на паркоўках, відэа з якіх можна праглядаць у Сеціве, але наўрад ці яны могуць быць цікавымі, напрыклад, для замежных турыстаў.
6. Дзяржаўныя ўстановы
Адсочваць чэргі ў Мінскім гарадскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры можна анлайн.
Выбар тут таксама невялікі. Мы знайшлі толькі адну дзяржаўную ўстанову — Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.
Дзе вэб-камер няма, але было б варта ўсталяваць
Акрамя малой колькасці вэб-камер на вуліцах беларускіх гарадоў, відэа з якіх можа глядзець любы ахвотны, звяртае на сябе ўвагу тое, што беларускія дзяржаўныя органы ўлады (акрамя Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры) не спяшаюцца выкарыстоўваць камеры для дэманстрацыі празрыстасці сваёй дзейнасці.
У свеце вэб-камеры актыўна выкарыстоўваюцца для трансляцый судовых пасяджэнняў. Напрыклад, праз інтэрнэт можна праглядаць анлайн-трансляцыі з Вярхоўнага суда Канады. На гэтым сайце ёсць і архіў з запісамі пасяджэнняў ад 2009 года.
Працуе падобны раздзел і на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, але ў архіве мы знайшлі толькі пяць трансляцый.
Актыўна выкарыстоўваюцца ў свеце вэб-камеры і для дэманстрацыі работы выбарчых камісій падчас выбараў. Напрыклад, на апошніх парламенцкіх выбарах у Маскве вэб-камеры былі ўсталяваныя на 3431 выбарчым участку з 3605.





