Перад пачаткам спрэчак па «справе сямнаццаці» галоўны фігурант Канстанцін Вілюга паспрабаваў праз суд звязацца з супрацоўнікамі КДБ. Ён заявіў, што мае асабліва важную інфармацыю для органаў, але дагрукацца да іх праз пісьмовыя запыты не атрымліваецца.

Фота: Сяргей Балай, TUT.BY

Фота: Сяргей Балай, TUT.BY

Працэс па «справе сямнаццаці» аб найбуйнейшай наркасетцы Беларусі набліжаецца да канца. 10 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе пачнуцца спрэчкі, дзе пракурор агучыць свае просьбы па прызначэнні пакарання для кожнага з сямнаццаці фігурантаў. А абвінавачаныя выступяць з апошнім словам.

Чакаецца, што на гэта спатрэбіцца не менш за тыдзень — некаторыя адвакаты толькі пад адзін свой выступ прасілі адвесці цэлы дзень. А абаронцаў у гэтай справе больш чым саміх абвінавачаных. Пасля спрэчак суд вынесе прысуд. Пакуль жа бакі вырашаюць апошнія пытанні, звязаныя з хадайніцтвамі і вывучэннем дадатковых дакументаў.

Падчас адной з такіх паўз слова ўзяў Канстанцін Вілюга, які, на думку следства, стварыў наркасетку і кіраваў ёю. Ён заявіў, што 10 дзён таму адправіў у КДБ запыт, але не атрымаў нават паведамлення аб атрыманні ліста другім бокам (на што прадугледжаны тэрмін у 3 дні).

— Мяркую, што мае заявы працягваюць не выпускаць з СІЗА №1 (…). Улічваючы, што ў зале знаходзяцца прадстаўнікі СМІ, я б хацеў скарыстаць гэтую магчымасць і звярнуцца праз іх з гэтай заявай у Камітэт дзяржбяспекі, — заявіў Вілюга.

— Увогуле вы павінны звяртацца толькі да суду ў судовым пасяджэнні, — зрабіў заўвагу суддзя Сяргей Хрыпач.

— Добра, я звяртаюся да суду з заявай. Прашу супрацоўнікаў КДБ Рэспублікі Беларусь наведаць мяне ў СІЗА №1 па г. Мінску ў сувязі з неабходнасцю тэрмінова перадаць інфармацыю асаблівай важнасці для 2-га аддзела 1-га Упраўлення 3-га Галоўнага ўпраўлення КДБ Беларусі. Інфармацыя не мае дачынення да крымінальнай справы №14121020826.

— Да нашай справе не мае дачынення? — удакладніў суддзя.

— Не.

— А навошта тады вы гэта агучвалі?

— Ну, прабачце, — з усмешкай адказаў Канстанцін Вілюга.

— Вы, так бы мовіць, праігнараваўшы прынятае судом рашэнне…

— Ні ў якім разе! Вы сказалі звяртацца да вас — я звярнуўся.

— Але вы ж звярнуліся не з хадайніцтвам, каб суд нешта вырашыў… — працягваў суддзя.

— Больш не буду, — працягваў, перабіваючы, Вілюга. — Вы разумееце, Высокі суд, проста немагчыма! Выбачайце, калі ласка, мяне 2 гады як пазбавілі усялякіх правоў, прапісаных Канстытуцыяй, усялякіх правоў — не толькі мяне, але ўсіх абвінавачаных, якія знаходзяцца тут. Якія не разумеюць, чаму яны тут і за што! Вось мы і не разумеем, што гэта за справа…

— Вось мы і разглядаем справу, і вы зразумееце. Але так рабіць нельга, гэта не трыбуна.

— Зноў кажу: інфармацыя, якая мае асаблівае значэнне для органаў бяспекі… — зноў пачаў перабіваць Канстанцін Вілюга.

— Спыніцеся, калі ласка, — паўтараў суддзя.

— …Выкарыстоўваць магчымасць звярнуцца да органаў…

— У вас ёсць абаронца, які можа перадаць [пісьмова] такі зварот, у чым праблема?

— Добра, — апусціўся на судовую лаву галоўны абвінавачаны па справе.

Да пачатку спрэчак пракурор Алег Буйленкаў папрасіў суд далучыць да справы прысуды па трох крымінальных справах, звязаных з абаротам наркотыкаў. У тым ліку па справе аб «групе Зайцава», дзе абвінавачванымі праходзілі 11 чалавек. Мінаблсуд у сакавіку 2016 прысудзіў фігурантаў да розных тэрмінаў — ад 8 да 19 гадоў.

Аднак абаронцы па «справе сямнаццаці» выступілі супраць. На іх думку, прысуды «не маюць ніякага доказнага значэння» і не маюць дачынення да цяперашняй справы, а толькі патрэбныя, каб «запоўніць справу стосам прысудаў».

Хоць падчас апытання адвакатаў была згаданая нейкая перапіска паміж кіраўніком Следчага камітэта (на той момант) Валянцінам Шаевым і міністрам МУС Ігарам Шуневічам. Нібыта кіраўнік МУС са спасылкай на дадзеныя свайго падраздзялення, ГУБАЗіК, паведамляў, што «справа сямнаццаці» і справа аб «групе Зайцава» могуць быць звязаныя паміж сабой. І, верагодна, гаворка ідзе пра цэлы міжнародны сіндыкат. Аднак Следчы камітэт не ўбачыў падстаў для аб'яднання ўсіх гэтых матэрыялаў у адну крымінальную справу.

Суддзя Сяргей Хрыпач ўсё ж задаволіў хадайніцтва і далучыў прысуды па іншых крымінальных справах пра наркотыкі. Хоць нагадаў, што пазней суд яшчэ дасць сваю ацэнку гэтым матэрыялам.

Пракурор таксама папрасіў суд аб магчымасці паўторна дапытаць аднаго са сведкаў па справе, Аляксандра Грамыку. Аказалася, што ўжо прыняты «меры аб яго дастаўцы ў залу суда».

Нагадаем, першапачаткова Грамыка (па мянушцы Воўк) быў абвінавачаным па «справе сямнаццаці», але пазней перайшоў у статус сведкі па арт. 20 Крымінальнага кодэкса — як той, хто спрыяе выкрыццю злачыннай групы. Да яго прымяняюцца асаблівыя меры бяспекі, таму допыт праводзяць праз відэасувязь. Хоць сведка і адбывае тэрмін за нейкае злачынства (якое менавіта — невядома).

Нагадаем, 29 лютага ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе аб абароце наркотыкаў, дзе абвінавачанымі праходзяць адразу 17 чалавек. З іх двое — былыя супрацоўнікі КДБ і МУС, а таксама меркаваны стваральнік нашумелай інтэрнэт-крамы спайсаў LegalMinsk мінчанін Канстанцін Вілюга. На стадыі папярэдняга расследавання 40 крымінальных спраў былі аб'яднаны ў адну вытворчасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?