У Рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся супрацоўніцы завода «Беліт», што знаходзіцца ў Паставах. Яны паскардзіліся, што праз 1,5 месяца завод можа закрыцца, а рабочыя страцяць працу.
Завод «Беліт». Фота — belit.by
«Беліт» — паспяховае прадпрыемства, займаецца вытворчасцю рыззя. З-за мяжы ўвозяць адзенне, якое было ва ўжыванні. Большасць ідзе на рыззё, частку прадаюць як сэканд-хэнд.
«Многія гады наша рыззё займае лідзіруючыя месцы на рынках еўрапейскіх краін, краін СНД і Расіі», — паведамляецца на сайце завода. Грашовых праблемаў у прадпрыемства таксама, здаецца, няма. Дык што здарылася?
У адным з цэхаў завода. Фота — belit.by
«Нас усіх сабралі тыдзень таму, і дырэктар завода паведаміў, што пасля Новага года мы закрыемся. Мы — гэта вытворчасць рыззя. Застаемся без працы, сказаў дырэктар, таму што завод губляе льготы на выплату мытных пошлінаў, бо мяняецца мытнае заканадаўства. Вытворчасць стане нерэнтабельнай. Мы будзем сядзець за свой кошт, не будзе працы. І паціху завод стане банкрутам», — распавяла рабочая завода Іна Цапелік.
Па словах жанчыны, пра кампенсацыі пры звальненні пакуль ніхто нічога не гаварыў. Проста папярэдзілі, што вось так можа здарыцца — завод спыніцца.
Сама Іна Цапелік працуе рэзчыцай.
«У нас 260 чалавек на заводзе, каля 70% жанчыны. Хапае і шматдзетных сем’яў. Я працую 2 праз 2 дні па 12 гадзін. Зарабляю 4,5 мільёна — гэта, я лічу, вельмі добры заробак. У любым разе, большасць жанчын у Паставах зарабляе 2—2,5 мільёна, ну, можа, тры… Дый Паставы — маленькі гарадок, палова нашага калектыву працу знайсці проста не зможа, — паскардзілася жанчына.
Работнікі напісалі калектыўныя звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, урад, Дзяржкантроль, Віцебскі аблвыканкам, Савет рэспублікі і цяпер чакаюць адказу.
Сітуацыю пракаментаваў дырэктар «Беліта» Дзмітры Чыжэўскі. Ён прызнаў, што «ёсць істотная праблема наконт далейшай працы».
«Але ўсё не зусім так. Я сабраў людзей і сказаў, што пытанне пакуль не вырашанае. Ім займаюцца на ўсіх узроўнях. Але пытанне вельмі складанае, каб яго хутка вырашыць. І некалькі працэнтаў імавернасці існуе, што мы закрыемся пасля Новага года. А як яно будзе, я не гатовы сказаць», — адказаў Чыжэўскі.
Дзмітрый Чыжэўскі. Фота — belit.by
Ён растлумачыў сутнасць праблемы так:
«Мяняюцца ўмовы працы ў свабодных эканамічных зонах, і мы трапляем пад новыя ўмовы. Мы трапляем пад вельмі вялікую пошліну. А сыравіну, патрэбную нам, няма дзе ўзяць ані ў Беларусі, ані ў Расіі. І калі пошліна захаваецца, то мы не зможам працаваць, кошт нашай прадукцыі будзе ўдвая большы, чым у канкурэнтаў».
Праўда, Чыжэўскі запэўніў, што панікаваць пакуль рана.
«Пытанне вельмі складанае, тут завязаны наш удзел у адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй, патрабаванні Еўразійскага саюза… Ну і даводзіцца быць нейкім чынам адначасова «і прыгожым, і разумным», — патлумачыў Чыжэўскі. — Але я пакуль настроены на далейшую працу, маю прадчуванне, што ўсё вырашыцца, можа, у апошнія дні, можа, 31 снежня, але вырашыцца. Я разумею калектыў, разумею іх заклапочанасць, бо ва ўсіх сем’і, дзеці… Але паўтараю: усё яшчэ не настолькі дрэнна, каб пачынаць біць у званы. Яшчэ ёсць паўтара месяца, а гэта даволі вялікі тэрмін. І я ведаю, што пытаннем займаюцца, прычым на даволі высокіх узроўнях».
На «Беліце» вырабляюць таксама тратуарную плітку, але галоўны і асноўны кірунак вытворчасці сёння — рыззё. Сярод альтэрнатыўных ідэй — запусціць вытворчасць бытавой тэхнікі…» — падсумаваў Дзмітрый Чыжэўскі.





