Дэмакратка Хілары Клінтан, якая прайграла прэзідэнцкія выбары ў ЗША, выказала надзею, што абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп стане паспяховым кіраўніком дзяржавы. Выступаючы перад прыхільнікамі ў Нью-Ёрку, яна яшчэ раз прызнала сваю паразу і заклікала даць шанец Трампу, піша ВВС.
Getty
«Дональд Трамп будзе нашым прэзідэнтам, і мы абавязаныя даць яму шанец кіраваць краінай, — заявіла яна. — Учора ўвечары я павіншавала Дональда Трампа і пагадзілася працаваць з ім на карысць нашай краіны».
«Мне шкада, што мы не змаглі адстаяць свае каштоўнасці на гэтых выбарах», сказала былая дзяржсакратарка, прызнаўшыся, што параза на выбарах стала для яе балючай.
«Гэта балюча, і яшчэ доўга будзе балюча, але памятайце: у цэнтры нашай кампаніі быў не адзін чалавек, і нават не адны выбары», — сказала Клінтан.
Клінтан заклікала прыхільнікаў змагацца за свае ідэалы — сацыяльную роўнасць, раўнапраўе і свабоду веравызнання.
«Наш абавязак як грамадзян — стварыць моцную, больш сумленную Амерыку», — падагульніла яна, падзякаваўшы таксама Бараку і Мішэль Абамам.





