Паліцыя затрымала 40-гадовага беспрацоўнага, якому зламаны банкамат на ўсходзе Масквы выдаў паўмільёна расійскіх рублёў (каля 8 тысяч даляраў), піша ВВС.
ria.ru
Мужчыну, які прыехаў у расійскую сталіцу з Белгародскай вобласці, падазраюць у крадзяжы грошай з банкамата.
«Як выяўлена, пры зняцці сродкаў банкамат выдаў падазраванаму замест чатырох — 20 тысяч рублёў. Скарыстаўшыся тэхнічным збоем, мужчына зняў у агульнай колькасці паўмільёна рублёў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы УУС па Усходняй адміністрацыйнай акрузе Масквы.
Пошукі падазраванага пачаліся, калі ў паліцыю звярнуўся прадстаўнік банка, з банкамата якога былі знятыя грошы.
Па факце зняцця наяўных распачатая крымінальная справа па артыкуле «крадзеж», максімальны тэрмін пакарання па якой складае шэсць гадоў турмы. Падазраваны адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.





