Дэлегаты форуму грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» 12 лістапада вырашылі пачаць працэдуру стварэння аднайменнай палітычнай партыі. Працэс стварэння палітычнай структуры можа заняць да двух гадоў.

«Кампаніі «Гавары праўду» пара стаць на новы этап развіцця. Гэта падрыхтуе нас да рэформаў. Сённяшняе рашэнне аб стварэнні партыі — гэта рашэнне аб тым, да чаго мы рыхтуемся, — узяць уладу ў свае рукі», — заявіла сустаршыня арганізацыі Таццяна Караткевіч.

«Гэта будзе цэнтрысцкая партыя, партыя для чалавека, які плаціць падаткі, але [зараз] не можа даведацца, на што яны ідуць. Мне здаецца, мы пабудуем унікальную партыю, партыю інтарэсаў мільёнаў, партыю, якая выбірае не канфлікты, а якая адкрытая для супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння», — дадаў яшчэ адзін сустаршыня арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў.

Пры гэтым актывіст Сяргей Вазняк зазначыў, што стварэнне партыі не будзе азначаць закрыццё арганізацыі «Гавары праўду». Паводле яго слоў, будзе магчымае падвойнае членства, альбо членства ў партыі ці аб`яднанні.

У сувязі з магчымым змяненнем выбарчай сістэмы стратэгія «Гавары праўду» да 2020 года, якая разглядалася на форуме, прадугледжвае неабходнасць прыняцця рашэння аб падрыхтоўцы да трансфармацыі ў палітычную партыю колькасцю не менш за 1.200 чалавек.

Праграмная аснова партыі, гаворыцца ў стратэгіі, магла б выглядаць наступным чынам: вяртанне ўлады на месцы і ўмацаванне мясцовага самакіравання, развіццё электроннага ўрада; развіццё малога і сярэдняга бізнесу, інавацыйных падыходаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы; рэальная сацыяльная абарона насельніцтва; нейтралітэт, членства ў Савеце Еўропы, базавы дагавор аб супрацоўніцтве з ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?