Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясятак краінаў. Гэта пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.
Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, не ў цэнтры. За межамі гісторыі, жыцця, увагі.
Раман «Marginalis» быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб'ёмам 251 944 знака сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам «Рэкорды Куфара».
Сачыць за навінамі пра раман можна па хэштэгу #Marginalis
Звесткі пра аўтара:
Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці «Сацыялогія», у 2014 — магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З'яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА «Саюз беларускiх пiсьменнiкаў» і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).
На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам «Агенцтва інфармацыйных тэхналогій «Буцэфал», кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта «Народны журналіст».
Публікаваўся ў такіх часопісах, як «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж», «pARTtisan», а таксама ў зборніку «Параходзік сучаснасці».
Папярэдняя кніга Кірыла Стаселькі «Дзіцячы маніфест» выйшла летась ды была намінаваная на шэраг літаратурных прэмій, у прыватнасці, трапіла ў шорт-ліст прэміі «Дэбют» і лонг-ліст «Гедройца».





