Здавалася б, што новага можна сказаць у адной маленькай брашуры пра класіка беларускай літаратуры, пра якога столькі ўсяго ўжо напісана? Анатоль Тарас не пабаяўся крытыкі літаратуразнаўцаў і адну са сваіх брашур серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» (а іх ужо 65) прысвяціў вялікаму паэту. Пры гэтым ён сцвярджае: так на жыццё і творчасць Купалы не глядзеў ніхто.

— Зразумела, што абысці Янку Купалу ў сваёй серыі вы ніяк не маглі. Але чаму ўсё ж вырашылі самі напісаць пра паэта, а не звярнуліся да каго-небудзь з даследчыкаў?

— Шматлікія гутаркі з некаторымі купалазнаўцамі прывялі да таго, што іх пажаданні і крытычныя заўвагі патрабавалі стварыць навуковую манаграфію старонак на 350. Але задача кніжнай серыі «100 выдатных дзеячаў» зусім іншая.

Я даўно хацеў напісаць пра Купалу. Хоць мой прынцып, каб пісалі іншыя. Але праблема была ў тым, што ў нас людзі ахвотна згаджаюцца напісаць вялікую манаграфію, але вось сказаць у невялікім аб'ёме самае галоўнае, не могуць.

— А што галоўнае пра Купалу сказалі вы?

— Я вырашыў засяродзіцца на трох пытаннях. Першае — паспрабаваў паказаць, якія людзі вырашальным чынам паўплывалі на асобу Купалы. Дакладней, як са сціплага юнака Вані Луцэвіча атрымаўся геніяльны паэт, пісьменнік, публіцыст і драматург Янка Купала — прарок беларускага народа.

Ва ўсіх нашых купалазнаўцаў адна думка — Купала нарадзіўся геніем. Але так не бывае. На мяне, напрыклад, паўплываў мой старэйшы брат Валянцін Тарас. Для Купалы ж такімі людзьмі сталі двое.

Першы — шляхціц Зыгмунт Чаховіч, па суседстве з якім жыла сям'я Купалы і да якога ён, яшчэ падлеткам, хадзіў амаль кожны дзень. Гэта быў адзін з падзвіжнікаў Кастуся Каліноўскага, сябра Літоўскага правінцыйнага камітэта. Ад яго будучы паэт даведаўся пра паўстанне і многае іншае. Чаховіч быў бібліяфіл, меў велізарную бібліятэку і забяспечваў кнігамі юнага Купалу на працягу амаль пяці гадоў. Думаю, гэта ён запаліў яго сэрца і прадвызначыў шлях будучага паэта.

А другі чалавек — гэта Браніслаў Эпімах-Шыпіла, у якога Янка Купала 3,5 года жыў на кватэры ў Пецярбургу. Ён уладкаваў Купалу на чарняяўскія курсы, якія былі па сутнасці вечаровым універсітэтам, дапамагаў выдаваць яго зборнікі. Два гады запар у кватэры Эпімаха-Шыпілы збіралася студэнцкая моладзь беларускага паходжання, якая навучалася ў Пецярбургу, — Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Браніслаў Тарашкевіч — такі вось «беларускі штаб».

Гэтыя два чалавекі і далі нам вялікага Янку Купалу. Пра іх пісалі, але ніхто раней не падкрэсліваў іх ролю ў жыцці паэта.

Другая дапаможная тэма — гэта пытанне гібелі Купалы.

— Але кропка ў смерці паэта да гэтага часу не пастаўленая і існуюць розныя версіі.

— Не, асабіста для мяне тут няма ніякіх пытанняў. Яшчэ калі я быў 13-гадовым падлеткам, мой бацька Яўхім, які ў 1942-1944 гадах служыў спачатку ў Цэнтральным, а потым у Беларускім штабе партызанскага руху, калі неяк зайшла гаворка пра Купалу, раптам сказаў: «Купала? А, паэт. Я знаў яго асабіста. Яго нашы хлопцы забілі!» — «Як забілі?» — «Ну, быў загад ліквідаваць. Яго напаілі ў рэстаране і, калі павялі наверх у нумар, скінулі ў пралёт, паміж 9-10 паверхам».

— Гэта значыць, ваш бацька нават знаў тых, хто гэта зрабіў?

— Так. І Купалу, і яго забойцаў. Ён казаў, што гэта зрабілі двое супрацоўнікаў НКУС, якіх ён знаў асабіста. Прычым у бацькі гэта гучала неяк вельмі штодзённа. Ён наогул быў чалавек далёкі ад усяго гэтага літаратурнага жыцця. Купалу ён знаў, таму што да вайны афармляў яму вокладкі некалькіх яго кніжак (бацька быў звязаны з друкарскай справай). Купала нават быў у нас дома.

Гэта значыць, для мяне асабіста ніякай сенсацыі ў сапраўднай прычыне яго смерці ніколі не было. Але я ўсё ж, паглядзеўшы на рэакцыю з боку крытыкаў, пастараўся прыкрыцца і меркаваннямі іншых даследчыкаў. Я спасылаюся на Барыса Сачанку, які праводзіў сваё пісьменніцкае даследаванне і прыйшоў да такой жа думкі, што смерць Купалы — ніякі не няшчасны выпадак.

Я таксама прыводжу версію Уладзіміра Някляева пра тое, што галоўную ролю ў знішчэнні Купалы сыграў вядомы пагромшчык беларускай літаратуры Айзік Кучар. Гэта ён напісаў данос у НКУС, у якім паказваў, што ў акупаваным Мінску ўвесну 1942 года адну з вуліц назвалі імем Івана Луцэвіча (на самай жа справе вуліцу назвалі імем Івана Луцкевіча — вядомага дзеяча беларускага адраджэння). Але Кучар наўмысна «пераблытаў» прозвішчы, разлічваючы, што ў цяжкі ваенны час ніхто асабліва разбірацца не стане. А так выходзіла, што аблашчаны савецкай уладай Купала, як той воўк, усё адно ў лес глядзіць, раз акупанты ў яго гонар вуліцу называюць.

План спрацаваў. Першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка даў ход фальшыўцы. Далей — справа тэхнікі. 4 чэрвеня 1942 года Купала, які жыў у эвакуацыі ў прыгарадзе Казані, атрымаў тэлеграму, у якой яго выклікалі ў Маскву (дарэчы, без жонкі), 18 чэрвеня прыехаў у сталіцу, а праз 10 дзён яго цела знайшлі ў лесвічным пралёце…

— Выходзіць, яго прыбралі праз фальшывы данос?

— Я думаю, тое, што напісаў Кучар, было толькі нагодай. Не выпадкова ж Панамарэнка яшчэ ў 1938 годзе прапаноўваў расстраляць і Купалу, і Коласа, і Бядулю. Ну не любілі яны іх. Але да жаху Панамарэнкі Сталін тады загадаў ўсіх траіх узнагародзіць ордэнам Леніна. Таварыш Сталін выдатна разумеў, што Панамарэнка цяпер будзе дрэнна спаць і думаць пра свой «промах» — так, для тонусу, няхай, маўляў, папакутуе. А расстраляць, як казаў сам Сталін, ніколі не позна.

Зноў жа, існуюць размовы, што да смерці Купалы датычная жанчына. Большасць сыходзіцца на думцы, што гэта была Паўліна Мядзёлка. 28 чэрвеня 1942 года яе бачылі разам з Купалам за некалькі гадзін да загадкавай смерці паэта. Яна жыла ў гэтай жа гасцініцы, ледзь не ў суседнім нумары. І паміж імі мела месца быць любоўная сувязь. З іншага боку, Паўліна Мядзёлка таксама была агентам НКУС, дзесьці ад 1929 года. І тут таксама ўсё сыходзіцца. Дарэчы, яна скончыла жыццё самагубствам. Праўда, у 80 гадоў. Але гэта не так важна. Важны сам факт таго, што Купала быў забіты.

Дарэчы, следчая справа па факце яго гібелі дагэтуль засакрэчана. Гэта таксама даволі паказальны аспект.

— Апошні раздзел вы назвалі «Трагедыя Янкі Купалы». Якую трагедыю вы маеце на ўвазе?

— Першапачаткова я планаваў назваць трэці раздзел па аналогіі з першым — «Як Ваня Луцэвіч стаў Янкам Купалам» і «Як Янка Купала стаў Каянам Лупакам» (так назваў зламанага Купалу, пераставіўшы літары імя і прозвішча, сучасны паэт Альгерд Бахарэвіч). Сапраўды да 30-годдзя гэта быў ужо іншы чалавек, зламаны.

Я спасылаюся на літаратуразнаўцу Пятра Васючэнку, які кажа аб духоўнай смерці паэта. Ды гэта быў ужо не Янка Купала. Чалавек, які яшчэ ў 1926 годзе пісаў аб барацьбе, аб волі, ужо ў 1936 годзе прысвячае Сталіну верш «Табе, правадыр!».

Але я падумаў: добра вось цяпер разважаць, а што б мы зрабілі, апынуўшыся на яго месцы? Таму змяніў назву і кажу менавіта пра трагедыю Купалы.

Але ўсё ж самае галоўнае, што я зрабіў у гэтай брашуры — гэта разгледзеў творы, якія забараняліся савецкай цэнзурай.

— Але ў поўным зборы твораў сёння ўсе яны апублікаваныя.

— Так, толькі асноўная маса людзей гэтых вершаў так і не ведае. Мая думка была вельмі простая: людзі старэйшага і сярэдняга ўзросту іх не чыталі, бо ў тыя часы, калі яны вучыліся ў школах, іх не друкавалі. Моладзь цяперашняя наогул нічога не чытае — ні Купалу, ні Коласа. А ўжо поўны збор твораў сапраўды ніхто перачытваць не стане.

Я згрупаваў гэтыя вершы па тэматыцы. Вось Купала аб «мове», вось ён абвяргае рэвалюцыю, вось піша пра «нацыянальнае паняволенне» і неабходнасць будаваць нацыянальную дзяржаву. І з гэтых твораў добра відаць, што Купала быў менавіта нацыянальным паэтам, а зусім не савецкім, якім яго спрабуюць нам паказаць.

Бо па сённяшні дзень у нас гэтыя пытанні затушоўваюцца.

— Але чым цяпер Купала не дагадзіў?

— Ды таму што палітычны сэнс яго твораў дагэтуль актуальны і не выклікае радасці сярод уладаў цяперашніх. Узяць тых жа «Тутэйшых», якіх увесь час забараняюць. Чаму? Таму што там выразна паказана, хто такі беларус — беспрынцыпны прыстасаванец, якому ўсё роўна, якая ўлада, была б ежа і пасада. Вось прыйдуць заўтра расіяне, дадуць добрую пасаду, і ён будзе крычаць «ура».

Гэта і ёсць тыповы беларус. Ён быў дэнацыяналізаваным тады, такім і застаўся. А галасоў тых нямногіх людзей, якія думаюць інакш, на жаль, сёння не чуваць.

Так, 200-гадовае мэтанакіраванае знішчэнне беларускай інтэлігенцыі прывяло да таго, што многія дагэтуль не могуць пазбавіцца ад сялянскага мыслення і не разумеюць, што пакуль Беларусь не будзе нацыянальнай дзяржавай, нічога добрага яе народ не чакае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?