Палата прадстаўнікоў Парламента Нігерыі патрабуе скасаваць «піраміду», арганізаваную расійскім прадпрымальнікам Сяргеем Маўродзі, якая дзейнічае ў краіне, і арыштаваць усіх датычных да яе асоб, перадае тэлеканал currenttime.tv са спасылкай на нігерыйскі рэсурс pulse.ng.

Парламент патрабуе «старанна» расследаваць дзейнасць МММ «да таго, як яно абрабуе нігерыйцаў і адбярэ ў іх з цяжкасцю заробленыя грошы».

Аналагічнае папярэджанне зрабіў кіраўнік Дэпартамента абароны спажыўцоў Цэнтрабанка Нігерыі Зулея Касім, ён заклікаў не укладваць грошы ў МММ. «Гэтыя цуда-банкі ніякім чынам не рэгулююцца і з'яўляюцца махлярскімі», — падкрэсліў Зулея Касім. Яго заяву паказваюць па мясцовых тэлеканалах.

Фінансавая піраміда МММ дзейнічае ў Нігерыі з 2016 года праз сацсеткі, дзе людзі дзеляцца гісторыямі поспеху, а ўкладчыкам абяцаюць заробак 1% за дзень або 30% і больш за месяц.

Па словах эксперта, прычына папулярнасці МММ ў краіне — «высокі ўзровень беднасці і беспрацоўя» і тое, што Цэнтрабанк Нігерыі ніяк не рэгулюе падобныя аб'яднанні.

****

Расіянін Сяргей Маўродзі — стваральнік МММ, адной з буйнейшых у гісторыі Расіі і постсавецкіх краін фінансавых пірамід. Па розных ацэнках, у Расіі ад яе дзейнасці пацярпелі 5—15 млн ўкладчыкаў. У 2003 годзе Маўродзі быў асуджаны ў Расіі за махлярства ў буйных памерах на 4,5 года турмы.

Апошнім часам Маўродзі арганізаваў некалькі праектаў, аналагічных МММ, у іншых краінах. У 2011 ён запусціў MMM у Індыі і прыкладна тады ж — у Кітаі. З верасня 2015 года ён актыўна працуе ў Нігерыі і Зімбабвэ, Угандзе і Марока.

Нягледзячы на папярэджанні ад мясцовых камуністычных партый, схема карысталася ў афрыканцаў вялікай папулярнасцю. У Зімбабвэ рахункі МММ былі замарожаныя ўладамі ў верасні 2016 года.

Сам Маўродзі запэўнівае, што ў яго новую сетку ўваходзяць 137 млн чалавек з 118 краін свету. Але праверыць гэтую лічбу немагчыма: МММ не рэгіструе юрыдычных асоб, не здае справаздачу аб аперацыях перад фінансавымі рэгулятарамі краін, у якіх працуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0