А тут і сучасная руская літаратура падаспела са сваёй цікавасцю да Беларусі. Гаворка пра раман даволі вядомага празаіка Міхася Папова «На крэсах усходніх». Публікуецца ён у часопісе «Масква» (адзіная слаўная пляма ў гісторыі гэтага выдання — публікацыя ў 1960-х гг. рамана Булгакава «Майстар і Маргарыта», а цяпер гэта часопіс глебава-руска-праваслаўна-дзяржаўніцкі) з працягам.

Мне пакуль удалося азнаёміцца з першай часткай, надрукаванай у дзясятым нумары.

Два словы пра аўтара. 59-гадовы Міхаіл Папоў незвычайна пладавіты. У яго куча раманаў з псіхалогіяй, прыгодамі, гістарычнымі фігурамі, у ліку якіх Калігула, Сула, Тамерлан. У новым рамане Папоў вырашыў выкарыстаць свой беларускі досвед. А ён у пісьменніка, народжанага ў Харкаве, ёсць: у юныя гады (1961—1975) ён жыў у Гарадку Віцебскай вобласці і нават скончыў сельгастэхнікум у Жыровічах. Вось апошняя акалічнасць, а дакладней нейкія заходнебеларускія асацыяцыі, імаверна, і прадыктавалі задуму «На крэсах усходніх».

Расійскі пісьменнік Міхаіл Папоў.

Расійскі пісьменнік Міхаіл Папоў.

Дзеянне рамана з пачатку ХХ стагоддзя накіроўваецца да 1917 г. i дзе завершыцца, пакуль незразумела. У цэнтры твора — Рамуальд Севярынавіч Пархневіч, які жыве дзесьці паміж Ваўкавыскам і Гроднам і прэтэндуе на шляхецкае паходжанне. Аўтар называе яго «не чыноўным, але прыродным кіраўніком тутэйшых месцаў». Такі, маўляў, заходнебеларускі мафіёзі, ну накшталт Дона Карлеонэ з «Хроснага бацькі». Прыбраў да рук чужую ўласнасць, пляце змовы, арганізоўвае забойствы. У яго сеткі трапляюць і два сасланыя ў сельскую глыбінку за «нядобранадзейнасць» студэнты. Але яшчэ да таго студэнтаў прасвятляе мясцовы бацюшка айцец Іона. Гэта свайго роду аўтарскі рупар, які тлумачыць нетутэйшым маладым людзям, сярод якога народу прыйдзецца ім жыць.

Перш за ўсё, вядома, аб мужыку:

«Беларускі мужык такі, што падпарадкоўваецца любому, каго колькасна хоць трошкі большы за сябе, ніколі не пярэчыць, але вельмі часта заўважаеш, што ўрэшце ўсё зрабілася так, як трэба яму, а не таму, хто камандуе. Пакорлівасць і няпэўнасць — вось яго дзве прыкметы. Хочаш не хочаш, але мусіш, кажа ён…»

Асаблівая заўвага аб мясцовых дзеўках:

«Тутэйшая дзеўка такая: бярэш за руку — і вядзі, куды табе трэба, даруй Госпадзе. Але, галоўнае, руку не адпускай, пачухаешся, назад — хоп, а там паветра. Уцячы — іх галоўная манера».

А вось і норавы беларускія:

«Вось я вам такі характэрны прыклад, не маё назіранне, аднак дакладнае. Гарыць гумно. Уявілі? Гарыць гумно! У такога вось Сідаровіча або Лукашэвіча, а гаспадар не бегае з вядром да калодзежа, не выцягвае мяшкі, а там увесь запас яго шугае, стаіць, прашу прабачэння, саплю жуе. Пытаюцца ў яго: што ж ты, маўляў, так, што есці цяпер будзеш? А ён адказвае: мышы затое ляснулі. Ну, лопнулі. Ён скрозь шум пажару пачуў мышыны піск, і гэтым уражаннем і ўзрадаваны. Гэта для яго важней. Варвар бывае асабліва забіты дэталлю. Як амерыканскі дзікун за шкельцы прадасць вам востраў…»

Ну і пра сутнасць беларускую:

«А ў сям'і ўсім баба круціць, так. Як гэта выходзіць, лянота дадумвацца, але так. Кахання, як пішуць цяперашнія спадары выдумшчыкі на Няве, тут не сустракаецца, не заўважаў пачуццяў вытанчаных, за непатрэбнасцю ў гаспадарцы. Гэта не ў папрок: лютая праца і шэрае надвор'е. То залье, то замяце. Забітасць, нават мова як бы і не мова, як бы проста ўніклівасць ад вялікарускай у нейкія свае нетры… Так, ён забіты, мужык, забіты, нават сам пра сябе калі і скажа, то нібы каб сабе ж і даць сораму, над сабой прыніжальны вердыкт вынесці. Але і рэзанёр, толькі не ў развіццё канкрэтнай дзелавой думкі, а ў вызначэнне прыроднага парадку. Як быццам ішоў чалавек, убачыў дрэва — і як быццам у першы раз убачыў… беларус, ён, як я ўжо заўважаў, філосаф. Ён можа сказаць вам: паветра — гэта вам не вада, елка — гэта вам не вярба. І яму не важна, чым так елка адрозніваецца ад іншага дрэва, сам факт адрознення гіпнатызуе яго розум».

Ну а калі «выпілі яшчэ», «тут бацька Іона паведаміў сваю канчатковую думку»:

«А наогул, шчыра кажучы, яго наогул няма… Беларуса. Маецца ў наяўнасці адзін суцэльны казус… Паразважайце хоць бы толькі аб назове. Клічуць тутэйшага мужыка бела-рус, а зямля — усё, што на ўсход ад Гродна, і гэтая самая Далібукская пушча, у сярэдзіне якой мы пад дажджом п'ём народную гарэлку, у навукоўцаў называецца Чорная Русь. Гэта як? Крывічы-дрыгавічы жылі на Чорнай Русі і зрабіліся раптам бела-русамі?.. Я сам усё думаю-задумваюся: што гэта за зямля такая, чыя яна па праўдзе, каго на свет зрабіла, кім сапраўды ўтрымліваецца? Хоць у гаспадары многія нацэльваліся».

Пасля гэтых адкрыццяў айца Іона зусім натуральна выглядае раздражнёная аўтарская іронія з нагоды поглядаў беларускага інтэлігента Наркевіча, які жыве ў Пецярбургу. М.Папоў называе яго «аднабока адукаваным чалавекам», што з'яўляецца ўласцівасцю «ўсіх нацыянальных агентаў». Аднабокасць гэтая праяўляецца ў тым, што Наркевіч заклапочаны лёсам «гэтага народа», нібыта «незаслужана забітага карэннага насельніцтва вялікіх пушчаў і багністых месцаў». Аказваецца, працягвае ўпівацца сваёй іроніяй М.Папоў, «менавіта гэты народ быў трымальнікам вялікага Вялікага Княства Літоўскага, якое пераўзыходзіла ў гады росквіту і тагачасную Польшчу, і тагачасную Масковію». Ён быў носьбітам усіх найлепшых якасцяў, што далі развіццё навуцы і цывілізацыі на згадваных землях».

Ну і зразумела, што зусім абуральнымі па сваёй нацыянальнай саманадзейнасці выглядаюць наступныя сцверджанні Наркевіча.

«Гэты народ» мае права на асаблівае стаўленне, а не толькі на раўнапраўе, бо доўга іншыя народы і дынастыі здзекаваліся з іх, пілі яго кроў і елі ім здабыты хлеб.

«Гэты народ» мае права на сваю адукацыю, на газеты, тэатры і прафесуру.

«Гэты народ» заслугоўвае сваёй гісторыі, а не павінен быць прыпісаны да гісторыі іншага народа, хай і важнага, тыпу палякаў і велікаросаў».

Вядома, не выпадкова словы «гэты народ» узятыя ў двукоссі. Яго, «гэтага народа», яшчэ сто гадоў таму не было і цяпер няма. Хтосьці з чытачоў скажа: «Ну вось ён, вялікадзяржаўны шавінізм, што называецца, на яве». Ну, не зусім наяве. Аўтар, хоць і нязграбна, спрабуе схавацца за прыгажосцямі іранічнага стылю. Паспрабую вярнуцца да рамана М.Папова, калі скончыцца яго часопісная публікацыя. Гэта значыць, у снежні. Усё ж справа адбываецца «на крэсах усходніх»… І хочацца ведаць, што там яшчэ нарабіў заходнебеларускі дэман Рамуальд Пархневіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?