Закаханыя лунінецкія падлеткі, якія ўцяклі ў Маскву паўтара месяца таму і былі аб'яўленыя ў вышук, вярнуліся дадому.
«Наш навучэнец вярнуўся ў каледж і прыступіў да заняткаў. Яму будзе абвешчана дысцыплінарнае спагнанне. З яго ўзятыя тлумачальная і пісьмовае абавязацельства аб узорных паводзінах у будучыні. У адваротным выпадку ён будзе адлічаны з каледжа, хоць вучыцца яму засталося ўсяго 7 месяцаў. Па словах навучэнца, увесь гэты час яны з сяброўкай былі ў Маскве», — расказаў карэспандэнту БелТА дырэктар Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Іван Раковіч. Сяброўка падлетка, навучэнка мясцовага політэхнічнага каледжа, таксама прыступіла да заняткаў.
Нагадаем, падлеткі ўцяклі з дома праз тое, што дзяўчыну мусілі на тры месяцы адправіць у спецустанову ў Магілёў. Справа ў тым, што яна неаднаразова траплялася за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах.
Аднак у выніку Брэсцкі абласны суд адмяніў рашэнне лунінецкіх суддзяў праз «недаказанасць падставаў». І толькі тады падлеткі вярнуліся дахаты.





