Літаратара Анатоля Кудласевіча і паэта Паўла Шруба затрымалі пасля банкету ў рэстаране гасцініцы «Вікторыя» на праспекце Пераможцаў. Пасля таго, як сябраў саюза пісьменнікаў адпусцілі з міліцыі, Кудласевіч абвінаваціў міліцыю ў крадзяжы. ГУУС Мінгарвыканкама праводзіць праверку.
Анатоль Кудласевіч, facebook.com
29 лістапада ў Мінску прайшоў з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшынёй быў пераабраны Мікалай Чаргінец. Пасля з'езда ў рэстаране праходзіў банкет. Калі пісьменнік Анатоль Кудласевіч і паэт Павел Шруб сышлі з мерапрыемства, на вуліцы іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
Як распавёў Анатоль Кудласевіч на сваёй старонцы ў Facebook, у міліцыі яго пратрымалі каля дваццаці хвілін, абшукалі, пратакол не складалі.
Пасля таго, як пісьменнікаў адпусцілі з міліцыі, Кудласевіч заявіў, што ў міліцыі яго абакралі.
«10 беларускіх рублёў было ў кішэні і 12 даляраў, якія некалькі гадоў вазіў у пашпарце, як НЗ - так і не знайшоў. Прафесійна працуе наша міліцыя, якая нас ахоўвае, не пагрэбавалі нават пальчаткамі. Ганьба», — напісаў літаратар.
У міліцыі абвінавачванні Кудласевіча не пакінулі па-за ўвагай.
«Нягледзячы на тое, што гэтая інфармацыя была размешчана грамадзянінам Кудласевіч на ўласнай старонцы ў Facebook (ён не звяртаўся з заявай ні ў РУУС, ні па тэлефоне «102», публічныя абвінавачванні супрацоўнікаў міліцыі ў крадзяжы грошай і іншых рэчаў — пытанне вельмі сур'ёзнае, і мы не пакінем яго без увагі», - распавёў прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі.
Прадстаўнік сталічнай міліцыі расказаў, што па гэтым факце ўжо распачатая праверка, у рамах якой Кудласевіч будзе апытаны.
«Мы абавязкова паведамім пра яе вынікі», - запэўніў Ластоўскі.





