На гэтым тыдні Германія і Францыя ўшаноўваюць смелых жанчын і мужчын, якія па ўсім свеце выступаюць за правы сваіх суграмадзян.

Гаворка ідзе пра такіх людзей, як бразільянка Марыя да Пенха, якая пасля нападу на яе ўласнага мужа прыкаваная да інваліднага вазка і сёння ўпарта змагаецца за абарону жанчын ад сямейнага гвалту. Суніта Крышнан з Індыі выступае супраць прымусовай прастытуцыі і гандлю людзьмі ў сваёй краіне, дзе многіх маладых жанчын, нават дзяўчынак, змушаюць да прастытуцыі. У Чадзе Жаклін Мудэйна вельмі мужна і з поспехам змагалася за тое, каб прыцягнуць былога прэзідэнта Хісенэ Хабрэ да адказу за здзейсненыя ў перыяд яго знаходжання ва ўладзе злачынствы. У Сірыі Раед аль-Салех раней быў бізнэсменам і займаўся гандлем электратэхнікай. Сёння ён з'яўляецца кіраўніком «Белых касак» — групы валанцёраў, якія дапамагаюць выцягваць людзей з руінаў пасля авіяўдараў і аднаўляць разбураную інфраструктуру. Часта пры выкананні сваёй місіі яны рызыкуюць жыццём.

Усе яны — людзі з самых розных куткоў свету. Людзі, на якіх зусім розны досвед наклаў свой адбітак. Аднак адно аб'ядноўвае іх усіх: яны змагаюцца за правы бліжняга свайго.

Для таго, каб аддаць належнае гэтым мужным жанчынам і мужчынам ва ўсім свеце, мы вырашылі сумесна заснаваць Германа-Французскую прэмію «За правы чалавека і вяршэнства закону». На гэтым тыдні мы ўпершыню яе ўручым.

Гэтай прэміяй мы шануем людзей, якія з вялікай самааддачай рашуча выступаюць у абарону іншых. Пры гэтым яны часта падвяргаюць сябе вялікай рызыцы і працуюць у вельмі складаных умовах. Гэтыя жанчыны і мужчыны заслужылі нашу падзяку і падтрымку.

Для Германіі і Францыі абарона і прасоўванне правоў чалавека з'яўляюцца цэнтральным элементам нашай знешнепалітычнай дзейнасці. Правы чалавека — гэта аснова і неабходная ўмова для міру і справядлівасці ў нашым свеце. Таму мы як міжнародная супольнасць пасля жудасных войнаў ХХ стагоддзя абвясцілі пра сваю прыхільнасць да абароны і прасоўвання гэтых правоў — у рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, АБСЕ, Рады Еўропы і Еўрапейскага саюза.

Сёння, аднак, мы павінны зрабіць усё для таго, каб гэтыя вялікія дасягненні не былі пад пытаннем. Мы бачым, што такая пагроза іх размывання існуе — у свеце, у якім усё больш урадаў абмяжоўваюць грамадскія і індывідуальныя свабоды, прыкрываючыся меркаваннямі бяспекі, палітычнай стабільнасці ці культурных асаблівасцяў. Мы гэта назіраем і ў дэмакратычных краінах. Там, дзе арыштоўваюць журналістаў, адвакатаў і членаў няўрадавых арганізацый. Там, дзе прысутнічае спакуса ўзвесці новыя сцены, хоць гісторыя нас вучыць, што сцены ніколі не вырашаюць праблем.

Германія і Францыя рашуча супрацьстаяць гэтаму.

Мы абодва падчас нашых сумесных паездак на ўласныя вочы ўбачылі, што бывае, калі людзям адмаўляюць у іх фундаментальных правах. Таму мы па ўсім свеце выступаем за іх абарону і прасоўванне. Пры гэтым мы выкарыстоўваем увесь спектр інструментаў нашай знешняй палітыкі — ад падтрымкі мясцовых праваабаронцаў да садзейнічання дэмакратычнаму дзяржаўнаму кіраванню; ад прадухілення крызісаў да постканфліктнага аднаўлення.

Як міністры замежных спраў, мы будзем упарта працягваць барацьбу за тое, каб не толькі выяўляць выпадкі парушэння правоў чалавека, але і актыўна абараняць людзей ад абмежавання асноўных свабодаў. Барацьбу за правы чалавека мы павінны весці сумесна і на ўсіх узроўнях. А Германа-Французская прэмія «За правы чалавека і вяршэнства закону» — сімвал гэтага.

Лаўрэатамі прэміі ў гэтым годзе, прапанаванымі нашымі германскімі і французскімі замежнымі прадстаўніцтвамі, з'яўляюцца: Тахміна Рахман (Бангладэш), Алег Гулак (Беларусь), Марыя да Пенха (Бразілія), Тун Сарай (Камбоджа), Максіміліен Нго Мбе (Камерун), Беверлі К. Джэйкабс (Канада), Жаклін Мудэйна (Чад), Ван Цяалін (Кітай), Мантсерат Салана Карбоні (Коста-Рыка), Суніта Крышнан (Індыя), Мэры Лоўлер (Ірландыя), П'етра Бартала (Італія), Эва Абу Халаве (Іарданія), Сара Белаль (Пакістан) і Валянціна Чараваценка (Расія). Спецыяльная прэмія прысуджаецца сірыйскай арганізацыі «Белыя каскі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0